У гістарычных крыніцах Сёмкава вядома з XVI ст. Узнікла пры старым Мінска-Віленскім гасцінцы. Аднак ёсць падставы гаварыць пра з’яўленне Сёмкава ў ранейшы перыяд.
Першым з уладальнікаў, ад якога, верагодна, і паходзіць назва Сёмкава, з’яўляецца віленскі кашталян (кашталян – кіруючы замкам) вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча – Сенька Гедыголдавіч. Менавіта гэты чалавек быў уладальнікам многіх паселішчаў на Беларусі, у тым ліку і мястэчка Мір на Наваградчыне, дзе пазней быў пабудаваны знакаміты Мірскі замак. У часы яго дзейнасці заснаваны першы касцёл у Радашкавічах. Менавіта ля дарогі з Радашкавічаў на Мінск і паўстала Сёмкава.
Наступнымі ўладарамі, з якімі звязаны новы віток развіцця Сёмкава, з’яўляюцца князі з роду Саламярэцкіх. Знакамітае Саламярэчча, адкуль і назва княжацкага роду, знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў адсюль.
Назва ж Сёмкава змяняецца на Сёмкаў-Саламярэцкіх. Апошняя прадстаўніца гэтага роду княжна Алена аддае Сёмкава ў якасці пасагу будучаму мужу – Багдану Сцеткевічу (Статкевічу). Багдан Сцеткевіч праславіўся заснаваннем многіх праваслаўных святыняў – манастыроў у Оршы (сярод іх знакамітая Куцеінская лаўра), Буйніцкага манастыра, Баркулабаўскага, Тупічэўскага на Мсціслаўшчыне і інш. На гэтыя мэты Багдан Сцеткевіч і яго жонка кн. Алена з роду Саламярэцкіх шчодра ахвяравалі ўласнасць, грошы.
Аднак неўзабаве маёнтак пераходзіць да іншых уладароў, якія змяняліся адзін за другім, пакуль не адыйшоў да роду Сапегаў. Гэты род свае сёмкаўскія ўладанні з цягам часу перадаў Адаму Хмары. З ім звязана сапраўднае развіццё Сёмкава, перадусім – пабудова палаца-паркавага ансамбля. Адам Хмара – чалавек, які ад пасады мінскага лоўчага дайшоў да пасады мінскага ваяводы.
Сёмкава размяшчаецца ў маляўнічай мясцовасці: непадалёк ад Заслаўскага вадасховішча і вадасховішча Сялюты, каля зліяння прытокаў Свіслачы: Вячы і Чарняўкі.
У сядзібным комплексе захаваўся парк, старыя алеі, рэшткі палаца, флігелі... Захаваўся будынак школы-інтэрната (1961 год пабудовы).
Настаў час збіраць камяні, пакрысе вяртаць былую славу Сёмкаву. Мясцовыя жыхары аб’ядналіся ў ініцыятыўную групу і пачалі займацца адраджэннем сядзібна-паркавага комплекса.