Паўлюк Трус (сапраўднае імя – Павел Адамавіч Трус) – беларускі паэт, публіцыст. Сябра літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Паўлюк Трус. На адвароце здымку – дароўны надпіс: «Адаму Бабарэку на добрую памяць ад сябра Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” П. Труса. Закалосіць свабодным здымам маладога жыцця акіян. 24/Х 25 г.».
З архіва Адама Бабарэкі
Нарадзіўся Паўлюк Трус 6 мая 1904 года ў вёсцы Нізок на Уздзенскай зямлі. Пасля нараджэння першынца Паўлюка ў сям’і з’явіліся Міхась, Марыя і Вера.
Сям’я жыла бедна. Хату мелі невялікую, дзеці спалі разам на палацях. Але іх дзяцінства калыхалі нёманскія хвалі, грыбны ды ягадны бор, бязмежнасць красак Нізокскай зямлі – і яны падрасталі, амаль не заўважаючы няшчымніцу.
Адам Емельянавіч Трус, бацька паэта (1868–1939)
Так выглядала вёска ў 30-я гады
«У дзесяць гадоў, – казаў Паўлюк Трус свайму сябру М. Хведаровічу, – я ўжо хадзіў за бараною. Бацька сеяў, а я па свежых слядах баранаваў і не толькі баранаваў, а нават пад’язджаў на баране, за што ад бацькі часта пападала па вушах. У дванаццаць гадоў я браў першыя ўрокі на аратага, праца куды менш цікавая, бо патрабавала пільнасці і вялікай увагі. У пятнаццаць гадоў я моцна трымаў касу ў руках і, як спрактыкаваны мастак, добра вымалёўваў шырокія пракосы на нашых прынёманскіх лугах, крыху пазней вазіў з бацькам узімку лес да Вусы на сплаў».
У вясковай школе Паўлюк здзіўляў настаўніка сваёй стараннасцю і кемлівасцю. Пачалі праяўляцца ў вучня і іншыя здольнасці: ён спяваў у хоры і вельмі добра маляваў. Пасля заканчэння вясковай школы бацька адвёз яго ў мястэчка Узда, дзе было народнае вучылішча. Лёгка апрануты, не заўсёды сытна накормлены, юнак зімой туліўся ў школьным інтэрнаце, а ў цяплейшую пару хадзіў па навуку штодзень пехатою за сем кіламетраў.
Навучанне ў школе акрыліла юнака. Там знайшліся цікавыя сябры, сярод якіх асабліва блізкімі сталі для яго Пятро Глебка і Алесь Якімовіч. Хлопцы часта сустракаліся і чыталі свае прыпеўкі і вершы. Некаторыя вершы падаваліся для змяшчэння ў насценгазету. Хлопцы думалі: як скончым сямігодку, пададзімся ў Мінск вучыцца на настаўнікаў.
Восенню 1918 года вучобу ў вышэйша-пачатковым вучылішчы на некаторы час давялося спыніць: пачалася грамадзянская вайна, а ўлетку 1920 года не хапала абозаў для армейскіх патрэбаў. Адам Трус цяжка хварэў на той час, і ў абоз быў забраны яго старэйшы сын – Паўлюк. Даехаў ён з арміяй амаль да Варшавы, зведаў голад і холад, у дарозе хварэў. Аднак нават у гэтых умовах Трус не губляў прысутнасці духу. Вярнуўшыся з вымушанага падарожжа, ён жыў у роднай хаце, дапамагаў бацьку па гаспадарцы.
У 1923–1927 гадах вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Мінску. Быў пастаянным удзельнікам студэнцкага хору, наладжваў пастаноўкі п’ес, быў акцёрам, маляваў дэкарацыі, рэдагаваў насценную газету. Паводле слоў Пятра Глебкі, «ні адна з газет у тэхнікуме не выходзіла без яго ўдзелу». Разам з Максімам Лужаніным і Пятром Глебкам выпускаў вусную сатырычную газету «Чырвоны прамень» пад псеўданімам «Шавец». Актыўна друкаваўся ў газетах і адначасова займаўся апрацоўкай фальклорна-паэтычных матэрыялаў для кампазітараў Уладзіміра Тэраўскага, Нестара Сакалоўскага, Рыгора Пукста, Ісака Любана. Кожную суботу ў Белпедтэхнікуме, па ўспамінах студэнтаў, наладжваліся вечары паэзіі і зала ледзь умяшчала сваіх і «чужых» студэнтаў, што збіраліся ці не з усяго Мінска. І найбольшыя воплескі тут заўсёды меў ён – Паўлюк, круглатвары юнак з кучараваю каштанавай чупрынаю. Голас у Паўлюка быў звонкі, ад яго веяла нейкім вясеннім водарам, вішнёвым белым садам. Чытаў ён амаль усё па памяці, чым здзіўляў сваіх слухачоў. Паслухаць выступленні Паўлюка Труса прыходзілі студэнты рабфака і педфака ўніверсітэта. Праз некаторы час тэхнікумаўскія літаратурныя вечары з удзелам П. Труса пачалі наведваць пісьменнікі і паэты. Ён быў надзвычай просты і ветлівы, здатны на трапныя жарты. Запомніўся ён сябрам і сучаснікам у скураной тужурцы, вышыванай сарочцы, падпярэзанай саматканым поясам з тоўстымі кутасамі.
У 1925 годзе быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Раз на тыдзень наведваў паэтычную студыю, дзе слухаў лекцыі Адама Бабарэкі. Наведваў школы і рабочыя клубы, прымаў удзел у літаратурных дыскусіях. У гэтым жа годзе браў удзел у першым з’едзе літаратурнага аб’яднання «Маладняк» і быў абраным у ягоны сакратарыят.
Творы Паўлюка Труса пачалі ўсё часцей друкавацца, апублікаваў больш за шэсцьдзясят сваіх твораў у часопісах «Маладняк» і «Малады араты», у газетах «Беларуская вёска», «Чырвоная змена».У 1925 годзе выдаў зборнік паэзіі «Вершы» у серыі «Кніжніца «Маладняка».
Серыя «Кніжніца «Маладняка» (выйшла каля 60 кніг)
У 1926 годзе разам з групай пісьменнікаў выйшаў з «Маладняка», аднак пасля настаўленняў Платона Галавача, Міхася Чарота і Міхася Зарэцкага вярнуўся ў арганізацыю.
У пачатку 1927 года Паўлюк Трус наведваў маладнякоўскую паэтычную студыю, якая збіралася ў будынку прафсаюзаў на пляцу Волі. У яе ўваходзілі Пятро Глебка, Алесь Звонак, Янка Бобрык, Максім Лужанін, Зіна Бандарына, Жэня Пфляўмбаум, Наташа Вішнеўская і іншыя маладыя паэты таго часу. Многія з іх сталі вядомымі пісьменнікамі, займалі досыць вялікія пасады і працавалі ў Акадэміі навук. А тады ўсе былі студэнтамі і іх літаратурныя спробы здаваліся самай найвышэйшай і высакароднай справай. Паўлюк Трус у той час быў адным з прыкметных беларускіх паэтаў сярод студыйцаў.
У чэрвені 1927 года атрымаў дыплом настаўніка сямігодкі, Цэнтральнае бюро «Маладняка» прапанавала паэту рэдактарскую пасаду ў Мінску, але ён вырашыў з’ехаць са сталіцы. Нечакана для ўсіх ён уладкоўваецца на вольную пасаду сакратара гомельскай газеты «Новая деревня». Акрамя рэдакцыйнай працы, паэт актыўна займаецца асветніцкай справай.
З пачатку 1928 года, калі распачалася рэарганізацыя аб’яднання «Маладняк» у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, П. Трус, без яго на тое згоды, быў прызначаны старшынёй Гомельскае асацыяцыі БелАПП. Ён часта ездзіць па раёнах, выступае з вершамі, дакладамі. З перапіскі Труса з сябрамі відаць, што ён у Гомелі жыў напружаным духоўным жыццём, наведваў тэатральныя спектаклі, наладжваў літаратурныя справы, клапаціўся пра лёс слоўнага мастацтва на Беларусі.
У верасні 1928 года Паўлюк Трус становіцца студэнтам літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе Паўлюк Трус павінен быў вывучаць творы самога сябе. Гэта рэдкі, амаль выключны выпадак у гісторыі сусветных літаратур.
Пасля здачы экзаменацыйнай сесіі за першы курс летам 1929 года Паўлюк Трус гасціў у Нізку. Дапамагаў бацьку ўправіцца з работаю па гаспадарцы. Але ж мусіў ехаць у Мінск, бо ўжо пачыналіся заняткі ва ўніверсітэце, трэба было падрыхтаваць у друк свой новы зборнік вершаў. Яшчэ ў дарозе адчуў, што штохвілінна мацнеюць сімптомы нейкай хваробы. Хапіла сіл адведаць сяброў, якія адпачывалі ў Ждановічах пад Мінскам: Міколу Хведаровіча, Васіля Шашалевіча, Пятра Глебку. Адчуўшы нядобрае, Паўлюк пакінуў Ждановічы і пехатою адправіўся ў сталіцу. У бальніцу прыйшоў з высокай тэмпературай. Выратаваць юнака ўрачам не ўдалося, надта позна звярнуўся па дапамогу. Прычынай быў тыфус. Памёр Паўлюк Трус 30 жніўня 1929 года, калі яму было ўсяго дваццаць пяць гадоў.
На пахаванні паэта была процьма людзей, яшчэ ніколі не бачыў Беларускі Дом пісьменніка гэтулькі наведнікаў. Засмучона шапталіся мужчыны і хлопцы. Плакалі жанчыны і дзяўчаткі. Неслі вянкі з красак амаль што восеньскіх, каб уквеціць дарогу Паўлюку. Труны не адчынялі, ніхто твару яго ў апошні раз не ўбачыў.
Пахаваны паэт на вайсковых могілках у г. Мінску.
Месца пахавання Паўлюка Труса ў Мінску. 2022 г.Фота Т. Лаўрык
Жыццесцвярджальная паэзія Паўлюка Труса – чыстая, як крынічны струмень, і шчырая, як народная песня, – стала ўзорам «пачуццёвай лірыкі» ў беларускай літаратуры. Ён лічыўся кумірам у моладзі. Паўлюк Трус чытаў свае вершы, умеў зачараваць прысутных, валодаў майстэрствам артыста-чытальніка. Моладзь зачытвалася вершамі Паўлюка: іх дэкламавалі ў агульным студэнцкім памяшканні, пераймалі яго манеру пісьма.
Вырасла ўжо не адно новае пакаленне. Паўлюк Трус любіў усе віды мастацтва, прымаў удзел у пастаноўках на самадзейнай сцэне, спяваў у хоры. Душа яго была раскрыта насцеж усяму прыгожаму. Але і зараз, хто б ні разгарнуў кнігу П. Труса, ён знойдзе ў ёй нешта такое, што не пакіне яго абыякавым.
Значная работа па захаванні памяці аб славутым земляку вядзецца ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса, якая з 1960 года носіць яго імя.
Вось так зараз выглядае вёска Нізок, у якой нарадзіўся не толькі Паўлюк Трус, але і іншыя пісьменнікі, паэты, мастакі і акцёры…
Больш падрабязна пра Паўлюка Труса можна даведацца на сайце ДУК «Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса», у рамках якога створаны віртуальны музей Паўлюка Труса.