10 красавіка 1762 года каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам III Шклову было пацверджана Магдэбургскае права, герб горада і пячатка.
Вядома, што наяўнасць гарадскога герба з'яўлялася сведчаннем таго, што горад перайшоў у сваім дзяржаўна-палітычным жыцці на якасна новую прыступку арганізацыі і ў юрыдычным плане істотна адрозніваецца ад навакольных мястэчак і гарадоў. Менавіта такім быў Шклоў у той час. Яго герб адлюстроўваў "у блакітным полі руку, якая трымае сярэбраны бязмен". Гарадская пячатка Шклова, якая ўжывалася з 1767 года, мела дзве выявы - уверсе герб "Пагоня", а ўнізе - герб Шклова. Гэтыя знакі сведчаць аб тым, што Шклоў у той час быў буйным гандлёвым цэнтрам.
26 ліпеня 2006 года герб 1762 года зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь і стаў афіцыйным сімвалам Шклова.