en | de | pl | ru

10 красавіка. Іван Чыгрын

Аўтар: Н. Суслава
Фота: з адкрытых крыніц

Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Івана Чыгрына – літаратуразнаўца, крытыка, паэта (не блытаць з пісьменнікам Іванам Чыгрынавым!).

Іван_Чыгрын.jpeg

Ён нарадзіўся 10 красавіка 1931 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага раёна ў сялянскай сям'і. У 1955 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ. Потым працаваў настаўнікам у Дзяржаўскай сярэдняй школе Слонімскага раёна, завучам у Яварскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна, настаўнікам у Кракоцкай школе Слонімскага раёна. З 1958 па 1961 год вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1961 года - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

У друку выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі з 1959 года. З'яўляецца аўтарам кніг “Станаўленьне беларускай прозы і фальклор: Дакастрычніцкі пэрыяд” (1971), “Проза “Маладняка”: Дарогамі сьцвярджэньня” (1985), “Крокі: Проза “Узвышша” (1989), а таксама суаўтарам кнігі “Беларуская літаратура” сучаснасці» (1978), аўтарам раздзелаў у кнігах: “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1977), “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1981).

Выступаў у друку з вершамі, выдаў шэраг зборнікаў, сярод якіх “Капеж” (1992), “Трыба” (1998), “Бераг” (1998), “Люблю вясну” (2000), “Вынікі падсумоўваліся ў панядзелак” (2001), Пялёсткі полымя (2002), Фантазіі старога дзеда (2005).

Пераклаў некаторыя вершы Цютчава, Сыракомлі і іншых паэтаў.

Падрыхтаваў зборнік “Выбраныя творы” паэта Ядвігіна Ш (1976) і зборнік “Веснаход” (апавяданні “Маладняка”, 1987).

Памёр 26 жніўня 2006 году ў Менску.


Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца