en | de | pl | ru

12 красавіка. Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі

Аўтар: Н. Суслава
Фота: з адкрытых крыніц

Наша краіна гэта свята можа адзначаць з поўнай падставай.

Klimuk_984.jpg

Першы беларускі касманаўт - Пётр Клімук, ураджэнец вёскі Камароўка (цяпер Тамашоўка) Брэсцкай вобласці. У свой першы касмічны палёт працягласцю больш за сем сутак ён адправіўся на караблі «Саюз-13» у 1973 годзе. Пасля вяртання на Зямлю Пётр Клімук пачаў падрыхтоўку да працяглых палётаў на борце арбітальнай станцыі "Салют". Другі палёт адбыўся ў 1975 годзе. На калязямной арбіце касманаўт прабыў тады амаль 63 дні. Наступным пунктам падрыхтоўкі Пятра Клімука стала праграма "Інтэркосмас". Свой трэці і апошні палёт працягласцю больш за сем сутак беларускі касманаўт здзейсніў у 1978 годзе на караблі "Саюз-30". У рамках гэтага палёту Пётр Клімук працаваў на борце арбітальнай станцыі "Салют-6".

Увогуле Пётр Клімук за тры палёты правёў на арбіце амаль 79 сутак. Наш зямляк - аўтар кніг "Побач з зоркамі" і "Атака на бязважкасць", а таксама дакументальнага фільма "Звычайны космас".

У Брэсце на бульвары Касманаўтаў устаноўлены бронзавы бюст Пятра Клімука. На радзіме касманаўта, у вёсцы Тамашоўка, у мясцовай школе ў 1978 годзе быў адкрыты адзіны ў Беларусі Музей касманаўтыкі, многія з экспанатаў якога падораны самім касманаўтам. Тут сабрана больш за дзвесце экспанатаў. У 2004 годзе прайшла яго рэканструкцыя. Музей складаецца з трох зал. Першы - калідор, які імітуе выгляд праходу з ракеты на станцыю. Паспрабавалі ўзнавіць нават поручні, па якіх перасоўваюцца касманаўты. На сценах – мастацкія роспісы ў выглядзе сузор'яў, якія падсвятляюцца ўльтрафіялетам, гісторыя спазнання Сусвету ў карцінках і выявы лятальных апаратаў. У цэнтры залы знаходзіцца макет трохступеністага ракетаносьбіта СССР. У вітрынах ляжаць кнігі аб космасе, на сценах вісяць фатаграфіі сучасных ракет. Тут прысутнічаюць партрэты трох касманаўтаў Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага, і аўтографы, якія яны пакінулі ў 2014 годзе, калі наведвалі Тамашоўку.

У музеі ёсць і самыя эксклюзіўныя прадметы, да прыкладу, сапраўднае амартызацыйнае крэсла беларускага касманаўта, якое выліта па форме яго цела і ў якім ён здзейсніў адзін з трох палётаў.


Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца