У гэты дзень у 1885 годзе нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог.
Месца нараджэння - вёска Максімаўка Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці).
У 1900-1904 гадах вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, пасля чаго працаваў школьным настаўнікам у Маладзечанскім раёне. Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў займаўся распаўсюджваннем сацыял-дэмакратычнай літаратуры, за што быў арыштаваны і на тры месяцы зняволены ў турму ў Вілейцы. Пасля вызвалення з'ехаў у Крым, дзе пражыў некалькі гадоў і ў 1912 годзе скончыў педагагічны інстытут у Феадосіі. Вярнуўшыся ў родныя мясціны, пачаў арганізоўваць беларускамоўныя школы, уступіўшы ў БСГ.
Сям'я, 1923 г.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, быў прызваны ў рускае войска, ваяваў на Румынскім фронце. Яго першы твор быў апублікаваны ў 1915 годзе (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай ніве»). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года апынуўся ў Менску, дзе неўзабаве ўзначаліў Цэнтральную беларускую ваенную раду. З 1918 года быў сябрам Рады БНР, у 1919 годзе таксама сябрам Беларускай вайсковай камісіі. У 1918-1920 гадах жыў у Гродне, дзе выкладаў у беларускамоўнай гімназіі. З 1919 году рэгулярна пісаў і публікаваў артыкулы. У 1920-1922 гадах працаваў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах. Адначасова з восені 1920 года выкладаў у Віленскай беларускамоўнай гімназіі.
У 1922 годзе быў абраны дэпутатам сейма Другой Рэчы Паспалітай (Заходняя Беларусь у 1921 годзе пасля Савецка-польскай вайны апынулася ў складзе Польшчы). З 1923 года быў членам Цэнтральнай школьнай рады (з 1926 – Галоўнага ўпраўлення) Таварыства беларускай школы. З 1925 г. быў намеснікам старшыні ЦК БСРГ. З 1926 уваходзіў у КПЗБ. Працаваў рэдактарам “Бюлетэня пасольскага клуба БСРГ”, быў сябрам Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. Быў арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ 15 студзеня 1927 года і 22 траўня 1928 года асуджаны Віленскім акруговым судом на так званым "працэсе 56-ці" на 12 гадоў турмы. Па рашэнні апеляцыйнага суда быў, аднак, вызвалены ў 1930 годзе. Увайшоў у склад камітэта «Змаганне». З-за пагрозы новага арышту ў кастрычніку 1930 года перабраўся ў Мінск, у СССР.
2-я сесія Цэнтральнага савета беларускіх арганізацый (15 (28) кастрычніка 1917, Мінск).
Сымон Рак-Міхайлоўскі сядзіць з правага краю чацвёртым.
З лютага 1931 года і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, уступіўшы ў рады ВКП(б). У 1931-1932 гадах з'яўляўся чальцом ЦВК БССР.
Быў арыштаваны ДПУ БССР 16 жніўня 1933 года ў Мінску і рашэннем судовай калегіі АДПУ пры СНК СССР ад 9 студзеня 1934 года як "арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ" прыгавораны да расстрэлу, але затым гэты прыгавор быў заменены на 10 гадоў лагераў. Быў адпраўлены на Салаўкі, 5 верасня 1937 года этапіраваны ў Мінск. 14 лістапада 1938 года "асаблівай тройкай" НКУС БССР быў прыгавораны да расстрэлу, праз 13 дзён прыгавор прывялі ў выкананне. Рэабілітаваны ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 18 красавіка 1956 года.
Мала хто ведае, што менавіта ён напісаў музыку да раманса "Зорка Венера" на вершы Максіма Багдановіча.
У 1982 годзе ў памяць Сімона Рак-Міхайлоўскага ў цэнтры вёскі Максімаўка Маладзечанскага раёна быў устаноўлены мемарыяльны знак.