4 красавіка. Леў Сапега

Аўтар: Н. Суслава
Фота: C. Плыткевіча, з адкрытых крыніц

У мястэчку Астроўна пад Віцебскам 4 красавіка 1557 года нарадзіўся выдатны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, мысляр, дыпламат Леў Сапега.

Sapega_460.jpg

Ён належаў да старажытнага і другога па магутнасці пасля Радзівілаў магнацкага роду. Прадстаўнікі Сапегаў былі не толькі найбагацейшымі людзьмі, але і займалі высокія вайсковыя і дзяржаўныя пасады. А шмат хто праславіўся яшчэ і як дзеяч культуры.

Сапегі збіралі шматтысячныя бібліятэкі, калекцыянавалі творы мастацтва, займаліся архіўнай справай і развівалі тэатральнае мастацтва.

Але, мабыць, самым вядомым прадстаўніком гэтага беларускага роду стаў менавіта Леў Іванавіч, які пачынаў дзяржаўную службу з самых найнізкіх чыноў, а дзякуючы сваёй адукацыі, розуму, дыпламатычным здольнасцям і прыроднай мудрасці, дасягнуў найвышэйшых пастоў. Пачынаў кар'еру на пасадзе гарадскога пісара, затым стаў вялікакняскім сакратаром, а з 1581 года - каралеўскім пісарам пры двары Стэфана Баторыя. Ужо праз чатыры гады атрымаў пасаду падканцлера Вялікага княства Літоўскага, а яшчэ праз чатыры - канцлера княства. У 1625 г. Леў Сапега становіцца Віленскім ваяводам, а з 1629 г. займае найвышэйшую пасаду ў ВКЛ – вялікага гетмана.

Statut.jpg

Першым зборнікам законаў на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы гісторыкі па праве называюць трэці Статут ВКЛ (1588 год). Самы непасрэдны ўдзел у стварэнні гэтага дакумента прыняў Леў Сапега. Ён асабіста рэдагаваў некаторыя артыкулы, за ўласныя грошы выдаў першыя 4 тысячы асобнікаў Статута і дамогся яго зацвярджэння Жыгімонтам Вазай.

Леў Сапега ў 1581 годзе прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні вышэйшага шляхецкага суда княства - Галоўнага Трыбунала.

На свае сродкі ён пабудаваў касцёлы ў Гродне, Оршы, Брэсце і ў іншых гарадах, праваслаўныя і уніяцкія цэрквы ў розных мястэчках, манастыры ў Вільні і Бялынічах.

Роду Сапегаў належалі многія беларускія землі, у тым ліку на тэрыторыях Віцебшчыны і Полаччыны.

Валодаў ён і сядзібай у Старым Лепелі, а калі яна згарэла, канцлер прыняў рашэнне перанесці сваю рэзідэнцыю на паўднёвы бераг Лепельскага возера. Так быў заснаваны горад Лепель.

55ed67c7c006196865dffc7cda5297d0.jpg Касцёл Святога Казіміра

У Лепелі быў пабудаваны каталіцкі храм - касцёл Святога Казіміра, які стаў адным з першых трох каталіцкіх храмаў на Віцебшчыне. Адкрыты ў 1604 годзе касцёл неаднаразова гарэў, таму ў канцы ХІХ стагоддзя быў узведзены новы храм, якім сёння ганарыцца Лепель.

На беларускіх землях шануюць памяць гетмана Вялікага княства Літоўскага.

e8d9ba0f4bc8cc61f28966476ba1323e.jpg

Напрыклад, у горадзе Лепелі ў 2010 годзе яму адчынілі помнік.

У вёсцы Астроўна (24 км на захад ад Віцебска, 33 км на паўночны ўсход ад Бешанковіч) Бешанковіцкага раёна, дзе нарадзіўся Леў Іванавіч, устаноўлены памятны знак.

Астраўно - не самае папулярнае ў турыстаў месца, хоць тут ёсць што паглядзець і свая гісторыя. Знаходзіцца ў маляўнічым месцы на берагах трох азёр: Астроўна, Доўгае, Палхоўка. Яшчэ некалькі азёр (Дробнае, Гародна, Лукаўскае, Глыбокае) размешчаны недалёка ад аграгарадка.

Замак Астроўна заснаваны ў 1520-х віцебскім ваяводам І.Б. Сапегай на землях, якія засталіся яму і яго брату ў спадчыну ад маці, княгіні Фёдары Фёдараўны Друцкай-Сакалінскай. Мястэчка вядома з XVI стагоддзя (у гістарычных крыніцах узгадваецца з 1546 года) як цэнтр староства Віцебскага павета.

ebd71b7f69b8f019925c741e057513a7.jpg Царква Святой Тройцы ў Астроўна

У 1662 годзе ў Астроўна заснаваны кляштар дамініканаў. З 1772 года Астроўна далучана да Расійскай імперыі (цэнтр воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні). У канцы XVIII стагоддзя ў Астроўна 97 жыхароў, 19 двароў. Тым часам вёска з'яўляецца значным гандлёвым цэнтрам. Штогод з 15 жніўня па 1 верасня ў Астроўна праходзілі кірмашы.

25-27 ліпеня 1812 года на тэрыторыі паміж Астроўна і Віцебскам адбыліся ар'ергардныя баі адступаючай рускай арміі з французскай арміяй Напалеона, якія ў гістарыяграфіі атрымалі назву "Бой пад Астроўна". На месцы бою ў 1962 годзе ўсталяваны помнік і памятны крыж.

У Астроўна можна ўбачыць і царкву Святой Тройцы (раней касцёл), XVI-XVII стст. У наш час пачала дзейнічаць з 17 ліпеня 2006 года.

472ebdd5e580c5b37a477dad3317247e.jpg Палац Сапегаў у Ружанах

Для паўнаты карціны можна наведаць Ружаны (Брэсцкая вобласць), дзе да нашых дзён захаваліся руіны палацавага комплексу Сапегаў.



Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца