pl | en | de | ru

Брамы неўміручасці. 10 самых цікавых варотаў старадаўняй Беларусі

Аўтар: Ціна Турава
Фота: Cяргея Плыткевіча, з адкрытых крыніц

Калісьці ад брамаў пачыналіся ўсе дарогі, а патрапіць у горад ці замак, не праехаўшы праз браму, было практычна немагчыма – хіба што пры штурме. Але і тут самым адказным участкам абароны станавіліся брамы... Легендарныя і нікім з тых, хто жыве ў наш час, не бачаныя, выдуманыя і рэальныя, сведкі трыўмфаў і паражэнняў, цудам захаваныя, арыгінальныя і проста ўнікальныя. Урэшце, Святыя. Якіх толькі брамаў няма ў Беларусі! Мы раскажам пра самыя цікавыя з іх.

З тысяч людзей, якія спяшаюцца штодня па пераходзе ля станцыі метро «Няміга», мала хто ведае, што за бетоннымі плітамі сцен схаваныя рэшткі самых старажытных уязных варот цяперашняй сталіцы – легендарнай мінскай брамы. На працягу пяцісот гадоў праз яе заязджалі ў замак князі і вялікакняскія намеснікі, купцы і вандроўнікі. А ўжо колькі простых гараджанаў прайшло гэтай дарогай – не злічыць! Нездарма археолагі выявілі цэлых 13 складзеных адзін на адзін насцілаў найстаражытнай вуліцы Мінска – Замкавай, якая брала свой пачатак у гарадской брамы.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны на замчышчы сталі працаваць археолагі. Яны зрабілі шмат адкрыццяў, але раскапаць падмуркі брамы ім тады не ўдалося, таму ў сярэдзіне мінулага стагоддзя і ўзнікла абсалютна гіпатэтычная і моцна спрошчаная рэканструкцыя гарадскіх варот – дзве даволі нязграбныя крапасныя вежы, якія навіслі з абодвух бакоў над уваходам у замак.

minsk-Брама 1.jpg

Іх малявалі на вокладках падручнікаў, значках і канвертах. Па іх вобразе і падабенстве на мінскай Прывакзальнай плошчы былі ўзведзеныя два 11-павярховыя жылыя дамы, якія сталі параднымі варотамі Мінска і ўсёй Беларусі.

Привокзальная.jpg

Аднак падчас чарговых раскопак у сярэдзіне 1980-х высветлілася, што замкавая брама была зусім не такой, якой яе ўяўлялі раней. Вежаў аказалася не дзве, а ўсяго адна – затое якая! Магутная, 12-метровай вышыні, з падвойнымі дубовымі варотамі і пад'ёмнай рашоткай-герсай. У яе ніжнім ярусе знаходзіўся ўваход у замак; другі паверх быў звязаны са сценамі і забяспечваў воінам магчымасць бесперашкодна перамяшчацца над брамай. Дазорная пляцоўка са звонам (у пазнейшыя часы яна выконвала функцыю надбрамнай царквы) размяшчалася ў трэцім ярусе.

Брама 2.jpg

На жаль, замкавыя вароты Мінска, як і сам замак, даўным-даўно разбураныя. Ды і іншыя старадаўнія гарадскія брамы ў Беларусі амаль не захаваліся – не ў пашане быў у нашых продкаў заведзены ў Еўропе звычай аддаваць заваёўнікам ключы ад гарадскіх варот. Змагаючыся з акупантамі, яны лічылі за лепшае стаяць насмерць, губляючы ў агні і зноў адбудоўваючы з папялішчаў свае гарады, замкі і брамы.

Прыкладам цудам захаваных гарадскіх варот з'яўляецца легендарная Слуцкая брама ў Нясвіжы. Узведзеная ў 1690-х, спачатку яна мела кампазіцыю крапаснога характару. Так, на адной са старажытных гравюр у гэтым месцы бачная высокая ўмацаваная вежа.

Несвиж_фрагмент гравюры.jpg

У сярэдзіне ХVIII стагоддзя гарадская сцяна ў брамы была разабраная, а самі вароты перабудаваныя ў стылі барока. Вядомы падарожнік Юрый Татарынаў назваў Слуцкую браму «старой у вясельным уборы, тоўстай і з крывымі нагамі». Сёння насамрэч можна ўбачыць, як яе некалькі разоў аб'язджаюць вакол вясельныя картэжы – ў Нясвіжы гэта лічыцца добрай традыцыяй. А калі пройдеш па 10-метроваму калідору брамы і загадаеш пры гэтым жаданне, можаш быць упэўнены – спраўдзіцца абавязкова.

fae83c554ee5267ca0741bcf4a723fe6.jpg

Акрамя Слуцкай брамы, вялізную гістарычную каштоўнасць у Нясвіжы маюць і палацавыя вароты, якія вядуць у былую княскую рэзідэнцыю і нібы праткнулі замкавы вал на некалькі дзясяткаў метраў. Вялікі дойлід Ян Бернардоні да ўсяго быў яшчэ нядрэнным псіхолагам: калі пасля прыцемкаў доўгага аркавага праезду перад вачыма раптам адкрываецца светлы парадны двор, акружаны прыгожымі карпусамі, гэта робіць сапраўды моцнае ўражанне.

36fbf0097fe39dcb046c8c4d02ac7154.jpg

Дарэчы, у сярэднявечным Нясвіжы, апроч Слуцкай, было яшчэ тры брамы: Клецкая, Мірская, Віленская не захаваліся, а Замкавая ацалела часткова – у выглядзе абарончай вежы ля Фарнага касцёла.

замковая брама несвиж.jpg

У старажытных хроніках зафіксаваныя звесткі яшчэ пра дзве брамы ХVIII стагоддзя, пабудаваныя па загадзе вядомага нясвіжскага балбатуна Караля Станіслава Радзівіла (Пане Каханку) у гонар прыезду ў горад новага караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Перад тым як прыняць запрашэнне, манарх прасіў Радзівіла пра тое, каб сустрэча яго была па магчымасці сціплай, без асаблівай помпы. І калі кароль заехаў у Нясвіж, ён сапраўды ўбачыў простыя толькі што пабудаваныя вароты, на якіх было напісана: «Так кароль сустракае гасцей». Але адразу следам за імі стаяла пышная барочная, з аркестрам на балконе, брама з надпісам: «А так Радзівіл сустракае гасцей».

Праз два дзесяцігоддзі, увосень 1795 года, Панятоўскі заязджаў ужо ў іншую браму – гродзенскага Новага замка, акружанага расійскімі салдатамі. Там ён падпісаў адрачэнне ад трона, прызнаўшы канчатковы падзел некалі адной з самых магутных дзяржаў Еўропы – Рэчы Паспалітай. Замак ён пакінуў праз тую самую браму, але ўжо палонным.

гродно новый.jpg

Парадная брама гродзенскага Новага замка, упрыгожаная скульптурамі сфінксаў, – тое нямногае, што цудам захавалася ў першапачатковым выглядзе ад некалі шыкоўнай рэзідэнцыі ў стылі ракако, гэтаксама як і ўязная брама ў Стары замак – толькі адзін з ацалелых аскепкаў крэпасці, якую збудаваў князь Вітаўт і якая так палюбілася каралю Стэфану Баторыю, што той нават планаваў перанесці сталіцу Рэчы Паспалітай у Гродна. Аж да 1880 года над брамай Старога замка змяшчаўся асабісты герб Баторыя, зняты расійскімі ўладамі амаль праз стагоддзе пасля падзення яго краіны.

гродно старый.jpg

Герб іншага слаўнага роду, Сапегаў, апраўлены геральдычнымі картушамі і гірляндамі, зноў з'явіўся на нядаўна адноўленай браме іх палаца ў Ружанах. Калісьці гэтая паважна выкананая трыўмфальная арка з'яўлялася годным пачаткам цудоўнага комплексу, празванага «беларускім Версалем». Праз ружанскую браму не раз праязджалі карэты з каранаванымі пасажырамі і неймаверна пампезныя вясельныя картэжы. У такія дні браму ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі, пад гукі гарматных стрэлаў у двор праз арку ўваходзіла сотня прыгожа апранутых слуг, за імі рухалася прыдворная капэла, якая грала ўрачысты марш, а потым у раскошных карэтах заязджалі маладыя і госці. На парозе палаца іх гасцінна сустракаў сам гаспадар Ружанаў...

Дворец Сарег.jpg

Зрэшты, не толькі палацы ўзводзілі Сапегі на сваіх землях. У 1648 годзе ў мястэчку Бяроза на сродкі магнатаў пачалося будаўніцтва адзінага ў ВКЛ манастыра картэзіянцаў, якое доўжылася 40 гадоў. Манахі картэзіянскага ордэна – бадай, самага суровага на планеце – праводзілі жыццё ў закрытай келлі, удалечыні не толькі ад знешняга свету, але і ад браціі. Увесь свой час пустэльнікі прысвячалі малітвам і пакаянню, чытанню тэалагічных тэкстаў і перапісванню кніг. Нават прадукты для прыгатавання ежы манахам перадавалі праз адмысловую нішу з двума паваротамі – каб тыя выпадкова не ўбачылі рук прыслугі. Такім чынам, вароты картэзіянскага манастыра – масіўныя, з байніцамі – многіх вялі толькі ў адзін бок, бо выходзіць за межы манастыра маглі толькі лічаныя людзі, якія займаліся яе гаспадарчым забеспячэннем. Пару гадоў таму браму адрэстаўравалі, і зараз яна – нібы праменьчык надзеі на будучае адраджэнне ўсяго былога кляштарнага комплексу, некалі аднаго з найбагацейшых у беларуска-польскай дзяржаве.

Брама монастыря картезианцев_фото Николая Кузича.jpg

Магчыма, якраз з рамантычнай брамы пачнецца рэстаўрацыя і іншага помніка – сядзібы Пуслоўскіх у Старых Песках, што непадалёку ад Бярозы-Картузскай. Гэта манументальнае збудаванне, вырашанае ў выглядзе сярэднявечных крапасных варот з дзвюма ўвенчанымі зубцамі шмат'яруснымі вежамі, і зараз прыцягвае аматараў эфектных фотаздымкаў і… буслоў.

старые пески.jpg

Уязная брама – амаль адзінае, што захавалася ад Дукорскай сядзібы. Спачатку яна таксама ўваходзіла ў склад вялізных уладанняў Сапегаў, ад іх перайшла да Агінскіх, а затым да Ашторпаў. У пачатку ХIХ стагоддзі Леон Ашторп пабудаваў тут новы палац у стылі класіцызму. На жаль, уяўленне пра яго мы маем толькі дзякуючы малюнкам Напалеона Орды ды ацалелай арыгінальнай па кампазіцыі браме, увенчанай высокай вежай са шпілем. Калісьці ля гэтай брамы прыдворны аркестр сустракаў вяртанне князя з палявання ці далёкай вандроўкі. З 1823 па 1846 гг. мясцовая шляхта выбірала Леона Ашторпа сваім маршалкам (правадыром) – у падзяку за гэта ён штогод ладзіў у сваім маёнтку «банкет ўвесь свет», на якім сярод іншага шаноўную публіку вітаў каля брамы асабісты цырк Ашторпа з трупай з цемнаскурых артыстаў.

дукора.jpg

Зрэшты, гэтак гасцінна беларускія брамы сустракалі толькі дарагіх гасцей. Для ворагаў жа яны часта станавіліся непераадольнай перашкодай. Напрыклад, вароты Лідскага замка размяшчаліся нават не ў вежы, а проста ў заходняй крапасной сцяне і здаваліся непрыяцелю лёгкай здабычай. Аднак з боку двара да ўваходу быў прыбудаваны барбакан (падковападобны абаронны будынак), так што вораг, які ўрываўся ў замак, раптам апынаўся ў каменным мяшку, з якога не было ратунку…

Лидский замок.jpg

Кажучы пра беларускія брамы, нельга не ўзгадаць яшчэ адну – Вострую браму ў Вільні (цяперашнім Вільнюсе). Паводле сухой афіцыйнай версіі, гэтая брама была пабудаваная ў першай чвэрці ХVI стагоддзя, калі Вільню акружыла гарадская сцяна. Легенда ж абвяшчае, што пасля перамогі над маскавітамі пад Оршай у верасні 1514 года кароль Жыгімонт I загадаў пабудаваць у Вільні трыўмфальную арку, праз якую палкаводзец Канстанцін Астрожскі павінен быў уехаць у сталіцу ВКЛ. У яго гонар нібыта вароты і назвалі Астрожскімі, а вуліцу Вастрабрамскай. Пазней народ скараціў для зручнасці імя варотаў – у выніку назва Вострая брама прыжылася.

Острая брама.jpg

На фасадзе Вострай брамы намаляваны старажытны герб ВКЛ «Пагоня», а з боку горада над брамай з 1671 года знаходзіцца капліца з цудатворным абразам Маці Божай Вастрабрамскай, шанаваны як каталікамі, так і праваслаўнымі. Перад іконай можна штодня пачуць малітвы на многіх мовах, у тым ліку на беларускай, а пад капліцай ужо сама меней два стагоддзі людзі праходзяць з непакрытай галавой. І са светлымі думкамі – бо гэтую ж браму яшчэ называюць Святой!..

Пераклад Людмілы Сімановіч


Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.

Смотрите также

Еще
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца