«Даўгiнаўскi вядомы шлях»

Аўтар: Анатоль Варава, пераклад Паўла Ляхновіча
Фота: Сяргея Плыткевіча

З цэнтра Мінска дакладна на поўнач вядзе вуліца пад назовам Даўгінаўскі тракт, якая за кальцавой дарогай плаўна пераходзіць у шашу Р58. У сваю чаргу гэтая шаша зьяўляецца мадэрнізаваным і значна шырэйшым гістарычным Даўгінаўскім трактам. Гэтая новая шаша ўвабрала ў сябе 50 км старой дарогі. А разам з кіламетрамі да яе перайшлі славутасьці і, натуральна, успаміны пра чатыры стагоддзі гісторыі тракта…

1 Вяча водохр.jpg Да Даўгінаўскага тракту прытулілася вадасховішча Вяча

Паперня

Тут у пачатку ХІХ стагоддзя на рацэ Вяча быў пабудаваны папяровы млын, іначай кажучы – “паперня”, на якой паўсаматужным чынам рабілі паперу, ад чаго і паселішча атрымала такую назву. Пасьля паперню замяніў тартак, які працаваў ад таго ж вадзянога кола, якое круцілі воды ракі Вячы. Тройчы ў год праводзіліся ў Паперні шумныя фэсты, а ля сьхілу ў абалону ракі стаяла каменная карчма – адна са шматлікіх на Даўгінаўскім тракце.

3 Вяча, водохр 2.jpg

У 1970 гадах на Вячы, уверсе ад Паперні, было створана аднайменнае вадасховішча плошчай амаль у 170 га. Дасягаючы вадаёма, рака робіць пятлю і ўтварае жывапісную абалону. Рачная даліна, лугі, лесапарк маюць шмат прыгожых краявідаў. Аматары прыроды і рыбакі высока ацэньваюць гэтыя вабныя ландшафты і ахвотна прыязджаюць сюды ў кожную пару года.

А на паўночна-усходнім беразе вадасховішча, прыкрытая векавым хваёвым борам, захавалася частка парку былога фальварка Казіміраўка, які ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя набыў адстаўны генерал-лейтэнант, апякун Віленскага і Менскага вучэбных акругаў, а пазьней дырэктар Менскага рэальнага вучылішча Іван Самойла.

Владимир-Самойла_600.jpg Уладзімер Самойла (1878–1941)

Яго сын, Уладзімер Самойла, рыхтаваў Янку Купалу, тады яшчэ Яна Луцэвіча, для паступленьня ў рэальнае вучылішча. І хоць “нічога з гэтага не выйшла”, як узгадваў пазьней паэт, аднак дружба паміж Уладзімерам Самойлам і Янкам Купалам адыграла ў лёсе апошняга немалаважную ролю. У траўні 1905 года пры самым блізкім удзеле Самойлы ў газэце “Северо-Западный край” быў надрукаваны купалаўскі “Мужык” – твор, які па-сутнасьці стаў першым словам будучага народнага песьняра ў сучаснай беларускай літаратуры.

Шэфства Самойлы над маладым паэтам прадоўжылася і пазьней, калі ў 1905 годзе ён пераслаў вершы Купалы ў Пецярбург Браніславу Эпімах-Шыпілу – вядомаму дзеячу беларускай культруры, аднаму з арганізатараў выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”. Праз два гады ў гэтым выдавецтве выйдзе першая кніга Купалы “Жалейка” Высокую адзнаку гэтай кнігі Уладзімер Самойла даў у сваёй рэцэнзіі на старонках газэты “Наша Ніва”, дзе назваў вершы Купалы “люстэркам, у якім сьвеціцца душа беларуса”.

Ландшафтны заказьнік «Купалаўскі»

Але вось засталася ззаду Казіміраўка на Вячы, і шаша выводзіць нас да вёскі Лускава – яна знаходзіцца ля скрыжаваньня двух старых шляхоў – Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў. Рухаючыся па Даўгінаўскаму, хутка апынемся на тэрыторыі ландшафтнага заказьніка “Купалаўскі”, створанага ў 2000 годзе.

5-Дубы-в-Окопах1.jpg Ландшафтны заказьнік “Купалаўскі”

Ён названы гэтак зусім не выпадкова, бо ўтрымлівае ў сябе тыя мясьціны, дзе “вандравала” ад хутара да хутара сям’я беззямельнага арандатара-“палавіньніка” Дамініка Луцэвіча са старэйшым сынам і першым памочнікам бацьку – Янам. Пазбаўлены магчымасьці атрымаць сістэмную адукацыю, Купала потым напіша ў аўтабіяграфічных нататках: “Нястача прымусіла мяне ўзяцца за іншую навуку, а менавіта чытаць сумную кнігу памешчыцкай ральлі і пісаць смутную аповесьць свайго гора сахою ды касой”.

wr-960_600.jpg Янка Купала

Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч памёр у 1902 годзе, калі Яну ішоў 20-ты год. Будучы паэт прыняў на сябе ўсе клопаты аб родных, аднак неўзабаве адмовіцца ад арэнды зямлі, будзе працаваць хатнім настаўнікам, пісарам у судовага сьледчага ў Радашковічах, на памешчыцкіх броварах, а потым паедзе ў Вільню і пачне супрацоўніцтва з газэтай “Наша Ніва”, ступіць на іншую дарогу жыцьця. Але сюды, у родны куток, ён будзе вяртацца зноў і зноў. Часта прыдзецца яму праязджаць па Даўгінаўскім тракце, якому ў 1926 годзе ён прысьвеціць свой верш “Па Даўгінаўскім гасьцінцы”:

Знаёмы гэты мне шлях родны –
Даўгiнаўскi вядомы шлях!
Якi нёс годных i нягодных
На векавых сваiх плячах.

7 Музей Я.Купалы в Хоруженцах.jpg Літаратурны музей “Акопы” адчынены ў 1992 годзе

Акопы

У біяграфію паэта асабліва трывала ўвайшоў фальварак Акопы, які знаходзіўся ля Даўгінаўскага тракту, непадалёк ад Лысай Гары, якая разьмяшчаецца ў пяці кіламетрах ад шашы. У Акопах Купала стварыў каля 70 лепшых сваіх твораў: драму “Раськіданае гняздо”, вадэвіль “Прымакі”, знакамітую “Паўлінку” ; у Акопах жа былі напісаны паэмы “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я”, шматлікія вершы. Пачутыя ім тут легенды, песьні, сама прырода гэтага ляснога, у пагорках, лагойскага краю па-свойму пераламляліся, адлюстроўваліся ў яго творчасьці.

8 Окопы, камень.jpg У фальварку Акопы

Паэтычная калыска народнага песьняра – Акопы адзначаны сёньня на літаратурнай мапе Беларусі музеем Янкі Купалы. Дакладней кажучы, Акопы – гэта і прыродны экспанат пад адкрытым небам, і адначасова экспанат музея “Акопы”, разьмешчанага паблізу былога фальварка ў вёсцы Харужынцы.

11 Хоруженцы, музей Я.Купалы.jpg Янка Купала ў фальварку “Акопы”

Жукаўка – Карпілаўка

А між тым Даўгінаўскі тракт прывёў нас у Жукаўку, за якой на пустым месцы стаяла даўней вялікая карчма, так і названая – “Пустка”. Тут праходзіла савецка-польская дзяржаўная мяжа, якая ў 1921 годзе падзяліла Беларусь на дзьве часткі і ў трох месцах перарэзала Даўгінаўскі тракт.

14 Жуковка, церковь.jpg Царква Пятра і Паўла ў Жукаўцы

За Жукаўкай да тракту ціснулася вёска Карпілаўка, побач зь якой раней разьмяшчалася аднайменная сядзіба пісьменьніка і журналіста Антона Лявіцкага (1869 – 1922), вядомага пад загадкавым псеўданімам Ядзьвігін Ш.

12-Ядвигин-Ш_600.jpg Антон Лявіцкі

Купала зблізіўся з гэтым самабытным літаратарам, якога лічыў “вельмі цікавым і дасьціпным суразмоўцам”.

10 фрагмент сядзибы Я.Ш..jpg

У Карпілаўку Антон Лявіцкі пераехаў са сваёю сям’ёй у 1897 годзе. На месцы ранейшай сядзібы, якую пісьменьнік абагаўляў, усталяваны мемарыяльны камень.

12-2016-04-27-5--0302pb.jpg

Да нашых дзён ацалелі толькі фрагменты старога парку з крыніцай і каржакаватым дубам ды ліпавая алея, якая калісьці абкружала вялікі сад…

13-2016-04-27-5--0285pb.jpg

27 траўня 1910 года гэты нястомны чалавек пачаў з Вільні пешы пераход, які доўжыўся чатыры месяцы. Пераадолеўшы больш за 400 км, Ядзьвігін Ш. дабраўся да роднай Карпілаўкі, наведаў дзясяткі вёсак, хутараў, мястэчкаў і перадаў свае ўражаньні ад убачанага, якія перамяжоўваюцца з успамінамі пра мінуўшчыну, у нарысах пад назовам “Лісты з дарогі”, якія былі апублікаваныя ў “Нашай Ніве”. У рэдакцыі гэтай газэты, што выходзіла ў Вільні ў 1906 – 1915 гадах і сабрала вакол сябе лепшыя літаратурныя сілы нацыянальнага Адраджэньня, Антон Лявіцкі пэўны час працаваў сакратаром і загадчыкам літаратурнага аддзелу.

Пасьля Карпілаўкі стары тракт ля вёскі Лукавец разьвітваецца з сучаснай шашой Р58. Адсюль да былога жвавага мястэчка, а сёньня аграгарадка Даўгінава, застаецца 40 км. І на гэтым адрэзку свайго шляху Даўгінаўскі тракт можа распавесьці вандроўніку яшчэ шмат цікавага і павучальнага, пра што ён да сёньня захоўвае трапяткія ўспаміны.



Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца