Эўзебіюш Лапацінскі – аматар даўніны з Сар’і

Аўтар: Л. Хмяльніцкая
Фота: C. Плыткевіча, з адкрытых крыніц

Эўзебіюш-Марыян-Ян-Станіслаў Лапацінскі (1882–1961), апошні ўладар маёнтка Сар’я, прыйшоў на свет у Кіеве, дзе тады працаваў адвакатам яго бацька, шырока вядомы на Віцебшчыне грамадскі дзеяч Станіслаў Лапацінскі (1851–1933). Маці Эўзебіюша Тэкля з роду Борхаў памерла ў Швейцарыі, дзе, відаць, знаходзілася на лячэнні, калі хлопчыку было ўсяго толькі 10 гадоў. Магіла яе так і засталася ў той далёкай краіне.

1-2_920.jpg Станіслаў Лапацінскі, бацька Эўзебіюша (фота каля 1915 года) і Тэкля з Борхаў Лапацінская, маці Эўзебіюша (фота каля 1870 года). Нацыянальны музей у Варшаве

Эўзебіюш напачатку скончыў гімназію ў Рызе, у 1903–1904 акадэмічным годзе вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, пазней – у Дорпаце (сучасны Тарту ў Эстоніі). Шмат гадоў падарожнічаў па Еўропе, наведаў Францыю, Швейцарыю i Італію, што паслужыла яму яшчэ адной, апроч вучобы, крынiцай ведаў.

Маладога Эўзебіюша Лапацінскага Яніна Жаўтоўская, аўтарка мемуараў, што выйшлі ў Лондане ў 1959 годзе, упершыню ўбачыла ў Вільні восенню 1905 года. Зібі быў “прыемны ў размове, вельмі інтэлігентны, можа трохі арыгінальны з прычыны старасвецкіх манер, – пісала пра яго Жаўтоўская. – Ён здаваўся сур’ёзным і ўраўнаважаным і адпавядаў меркаванню, распаўсюджанаму пра ліцвінаў. (...) Маладога чалавека, здавалася, атачалі чары рамантычнай натуры, ён першы сярод знаёмых пачаў задумвацца над значэннем роду, традыцыі, гісторыі, апавядаў пра генеалогію, пра старыя партрэты, што віселі ў Сар’і”.

3-Эўзебіюш-Лапацінскі-ў-маладым-веку.jpg Эўзебіюш Лапацінскі ў маладым веку

Восенню таго ж 1905 года Эўзебiюш Лапацiнскi пазнаёмiўся са сваёй будучай жонкай Ядвiгай з Патвароўскiх. Заручыны адбылiся на новы, 1906 год. Шлюб прызначылі на 3 (16) чэрвеня, месцам правядзення ўрачыстасцi абралі кафедральны сабор у Вiльні. Сваё шлюбнае падарожжа маладыя пачалi з наведвання Лявонпаля, дзе да шлюбу сына Станіслаў Лапацінскі адбудаваў стары палац, які яшчэ падчас паўстання 1863 года спалілі расійскія казакі, тым самым помсцячы за ўдзел прадстаўнікоў роду ў збройным чыне супраць улады. Пасля кароткага побыту ў Лявонпалi маладыя накіраваліся ў шлюбнае падарожжа ў Швейцарыю.

4 Палац у Лявонпалі.jpg Былы палац Лапацінскіх у 30-я гады мінулага стагоддзя і гэтай зімой

5 Палац у лявонпалі.jpg

Эўзебіюш з маладосці быў захоплены чарамі даўніны, асабліва адчуваліся яны ў лявонпальскай сядзібе. Яніне Жаўтоўскай не аднойчы давялося наведаць Лявонпаль, і яна так пісала пра гэта: “Эўзебiюш Лапацiнскi нарадзiўся хранiстам i гiсторыкам, таму захапляўся аповесцямi, поўнымi адначасова пыхi i руiнаў. (…) У вялiкiм салоне, дзе мы знаходзiлiся, а голас гучаў званчэй з-за адсутнасцi фiранак, пад дождж, што бiў у шыбы, гэтыя развагi аб мiнулым здавалiся вельмi меланхалiчнымi”.

Прызваннем Эўзебiюша Лапацiнскага была гiсторыя, i, зацiкавiўшыся навуковымi даследаваннямi, ён у 1911 годзе перасялiўся ў Варшаву. Працуючы ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Красіньскіх, ён сабраў там вялікі навукова-дакументальны матэрыял, а таксама калекцыю малюнкаў, медалёў і карцін.

1918 год застаў Э. Лапацiнскага ў Вiльнi, дзе ён разам з Вацлавам Студнiцкiм арганiзаваў архiў. Падчас эвакуацыi вiленскага архiва царскiмi ўладамi частка самых старажытных дакументаў была вывезена з горада, а частка, з-за недахопу часу, па-просту скiнута ў дварах некалькiх дамоў. Лапацiнскi са Студнiцкiм з незвычайнай самаадданасцю здолелi наладзiць ратавальныя працы i засцераглi дакументы ад знiшчэння i расцярушвання па асобных зборах.

Кастрычніцкая рэвалюцыя зрабіла вяртанне ў Сар’ю немагчымым. Пэўны час Эўзебiюш жыў у Торунi, аднак пазней вярнуўся ў Вiльню i да 1927 года працаваў на пасадзе вiцэ-дырэктара Дзяржаўнага архiва. У гэты час ён шмат займаўся старадаўнiмi актамi, адкуль рабiў выпiскi, якiя тычылiся гiсторыi культуры Рэчы Паспалiтай. Вынiкам працы сталася серыя артыкулаў у перыёдыках i рукапiс найгрунтоўнейшага даведнiка пад назваю “Матэрыялы да гiсторыi мастацкiх рамёстваў у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм XV–XIX стст.”, якi быў надрукаваны ў 1946 годзе ў Варшаве ў Дзяржаўным Iнстытуце Мастацтва. Варта адзначыць, што гэтая кнiжка, у якой пад адной вокладкай сабраны тысячы вытрымак са старадаўнiх дакументаў, у якiх згадваюцца iмёны майстроў, што працавалi ў Вялікім Княстве Літоўскім, падаюцца гады iх працы i ўказваюцца выкананыя мастацкiя аб’екты, з’яўляецца крынiцай, якая яшчэ да гэтага часу не ацэнена належным чынам беларускiмi гiсторыкамi мастацтва.

У 1910-я гады сямейныя зборы Лапацінскіх яшчэ захоўваліся ў Сар’і пад апекай бацькі Эўзебіюша пана Станіслава Лапацінскага. Імі пакрысе пачалі цікавіцца спецыялісты-гісторыкі, а таксама складальнікі рознага кшталту даведнікаў і энцыклапедый. Станіслаў і Эўзебіюш Лапацінскія і самі былі нястомнымі папулярызатарамі гістарычнай і культурнай спадчыны роду.

6 Помнік поду Лапацінскіх у Сар'і.jpg Помнік роду Лапацінскіх у Сар’і

Асаблівую ўдзячнасць бацька і сын заслужылі ад гісторыка Атона Гедэмана, аўтара “Гісторыі Браслаўскага павета”. Прадстаўляючы на пачатку кнігі пералік крыніц і выкарыстанай літаратуры, аўтар згадаў і сар’янскі архіў Лапацінскіх. Эўзебіюш Лапацінскі, які аказаў А. Гедэману прафесійную дапамогу як вопытны даследчык-архівіст, атрымаў ад аўтара асаблівую падзяку: “Сардэчную ўдзячнасць хачу выказаць пану Эўзебіюшу Лапацінскаму за магчымасць атрымаць доступ да багатага сямейнага архіва Лапацінскіх, аднак яшчэ большую – за правядзенне доўгага шэрагу гадзін у паралельных з аўтарам пошуках; цэлыя стосы складзеных ім нататак з’яўляюцца нямымі сведкамі таго, як шмат абавязана гісторыя павета яго шляхетным намерам, шчасліва злучаным з веданнем прадмета”.

Паводле звестак даследчыка Эдварда Хвалевіка, які ў 1926–1927 гадах выпусціў два тамы даведніка “Польскія зборы”, сар’янская бібліятэка Станіслава Лапацінскага на пачатку ХХ стагоддзя налічвала каля 9000 тамоў з выданнямі пераважна ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў, сустракаліся нават старадрукі ХV стагоддзя. Шмат кніг было на французскай мове. Багаты сямейны архіў утрымліваў маёмасныя дакументы, якія тычыліся сар’янскага, лявонпальскага ды іншых уладанняў. Захоўвалася тут і каля 3000 лістоў розных знакамітых асоб пераважна ХVІІІ стагоддзя. На сценах пакояў сядзібнага дома ў Сар’і былі развешаны карціны мастацкай калекцыі Лапацінскіх: творы Яна Рэгульскага, Яна Рустэма і іншых вядомых майстроў.

7-Экслібрыс-Тамаша-Ігнація-Лапацінскага.jpg Экслібрыс Тамаша-Ігнація Лапацінскага (1753–1827)

Пасля рэвалюцыі сар’янскі маёнтак падпаў пад рабункі бальшавікоў. 16 снежня 1919 года пры загадкавых і нявысветленых абставінах згарэў лявонпальскі палац, які пасля аднаўлення муроў Эўзебіюш Лапацінскі перадаў пробашчу мясцовага касцёла для ўладкавання ў будынку былога палаца каталіцкага храма. Сар’я таксама была разрабавана, а вялікая частка сямейных збораў у ёй загінула.

9 Сар'я.jpg Храм у Сар’і, пабудаваны Ігнаціем Лапацінскім у 1851-1857-х гадах

Э. Хвалевік адзначаў, што ўладары ўратавалі 1725 архіўных спраў і больш за 2000 тамоў кніг, якія Станіслаў Лапацінскі ахвяраваў “Таварыству сяброў навукі ў Вільні”. Зараз колішні архіўны збор “Таварыства сяброў навукі” захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы. Дакументы роду Лапацінскіх у ім аб’яднаны ў 399 адзінак захоўвання і храналагічна ахопліваюць амаль тры з паловай стагоддзі – з 1571 па 1912 гады. Яшчэ 349 спраў з архіва Лапацінскіх, датаваныя 1575–1846 гадамi, захоўваюцца зараз у бібліятэцы Літоўскай Акадэміі навук.

8 Пешаходны мосцік у Сар'янскім парку.jpg Пешаходны мосцік у Сар’янскім парку

У міжваенны час Эўзебіюш Лапацінскі жыў галоўным чынам у Вільні, дзе дагэтуль у бібліятэцы ўніверсітэта захоўваюцца дакументы яго прыватнага фонда за 1907–1941 гады. Да 1944 года ён працаваў у Дзяржаўным архiве ў Вiльнi, а пазней, да лiпеня 1945-га – у Рэпатрыяцыйным Упраўленнi ў аддзеле мастацтва i культуры ўпаўнаважанага польскага ўрада.

З 1945 года i да канца жыцця Эўзебiюш Лапацiнскi жыў у Варшаве. Адразу ж пасля пераезду ў польскую сталiцу ён пачаў працаваць у Дзяржаўным Iнстытуце гiсторыi мастацтва i iнвентарызацыi помнiкаў пры Галоўнай Дырэкцыi музеяў i аховы помнiкаў. Надзвычай плённым вынiкам яго працы на гэтай пасадзе ў 1945–1961 гадах былi так званыя “папкі Лапацiнскага”, якiя зараз налiчваюць каля 150 адзiнак захавання i знаходзяцца ў Асяродку дакументацыi помнiкаў на вулiцы Бжазовай у Варшаве. У гэтых папках сабраны выпiскi з матэрыялаў розных варшаўскіх архіваў і бібліятэк, якiя тычацца мастацтва i культуры (мецэнацтва, помнiкаў культуры, твораў мастацтва і г.д.).

11 Эўзебіюш Лапацінскі.jpg Эўзебіюш Лапацінскі

Па водгуках сучаснiкаў, Эўзебiюш Лапацiнскi вельмi ахвотна дзялiўся з калегамi вынiкамi сваiх архiўных росшукаў. “Працавiты, добразычлiвы, паслужлiвы i поўны сцiпласцi, ён з жарсцю аддаваў свае паслугi кожнаму, хто меў патрэбу ў яго дапамозе. Цешыўся шчыра i проста, калi бачыў, што плёнам яго намаганняў карысталiся iншыя”, – пiсаў пра даследчыка Станiслаў Шыманскi, якi ва ўласных доследах таксама не аднойчы абапiраўся на архiўныя знаходкi Э. Лапацiнскага.

Памёр Эўзебiюш Лапацiнскi 19 красавiка 1961 годзе ў Варшаве. Пахавалі яго на сталічных могілках Павонзкі.

10-Магіла-Э.-Лапацінскага-на-могілках-Павонзкі.jpg Магіла Э. Лапацінскага на могілках Павонзкі ў Варшаве. Сучаснае фота

Сёння iмя Эўзебiюша Лапацiнскага на Беларусi ведаюць адзiнкi. Затое плён працы колiшняга лiцвiна, як яго вызначала Янiна Жаўтоўская, шануюць i паважаюць ў суседняй Польшчы. Пры сваiм жыццi Эўзебiюш кожны год у дзень смерцi мацi пасылаў кветкi на яе магiлу ў Цюрыху i паклапацiўся аб гэтым нават у сваiм тэстаменце. Хто ведае, цi кладуцца яшчэ да сёння гэтыя сумныя i пяшчотныя знакi на магiлу Тэклi з Борхаў, як своеасаблiвы сiмвал еднасцi i непарыўнасцi ланцужка часу...

З кнігі Людмілы Хмяльніцкай “На Белай Русі ў Сар’і… (нарыс з гісторыі маёнтка і роду Лапацінскіх)” (Санкт-Пецярбург – Мінск, 2001).



Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца