en | de | pl | ru

Зніклая жамчужына ракако на беразе Нёмана

Аўтар: Яўген Аснарэўскі
Фота: C. Плыткевіча, з адкрытых крыніц

Заснаванне гродзенскага касцёла і манастыра кармелітаў у значнай ступені было справай адной сям’і, якая праявіла немалую ўпартасць ва ажыццяўленні сваёй задумы.

1-Храм-кармелитов_1330.jpg Храм кармелітаў. Пачатак ХХ стагоддзя

Андрэй Катовіч паходзіў з сярэдняй гродзенскай шляхты, і яго род не меў вялікага значэння на агульнадзяржаўным узроўні. Аднак сам Андрэй змог зрабіць нядрэнную кар’еру. Жыццё гэтага шляхціца было поўнае цікавых падзей. У маладосці ён падарожнічаў па Еўропе разам з будучым польскім каралём і вялікім князем літоўскім Янам Казімірам. Катовіч быў схоплены разам з каралевічам па загадзе славутага кардынала Рышэлье. Яна Казіміра абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Іспаніі і разам са світай пасадзілі ў адзін з французскіх замкаў, адкуль пасля ўмяшання пасольства Рэчы Паспалітай выпусцілі. Выйшаў на волю і Андрэй Катовіч. Мабыць, такая сумесная прыгода з будучым манархам аказала ўплыў на прасоўванне па службе. У 1652 годзе Катовіч стаў гродзенскім старастам, а ў 1658 годзе пісарам ВКЛ, пасля чаго Андрэй курыраваў адносіны з Расіяй. Мяркуецца, што і памёр гарадзенскі стараста ў Маскве, падчас адной з дыпламатычных місій.

Андрэй Катовіч і яго жонка Цэцылія ў першай палове 70-х гадоў XVII стагоддзя скуплялі ўчасткі ў Гродне, каб пасля ахвяраваць землі кармелітам. Фармальны акт заснавання кляштара быў зацверджаны ў 1676 годзе. Аднак кармеліты з'явіліся ў горадзе раней. Такім чынам, шырокая датыроўка з'яўлення ў Гродне кармеліцкай святыні, гэта перыяд з 50-х да 70-х гадоў XVII стагоддзя. Менавіта ў гэты час манахі ўзвялі драўляны касцёл. Вядома, што ў 1673 годзе капітул правінцыі кармелітаў паслаў у Гродна айца Язафата, які павінен быў удзельнічаць у стварэнні гродзенскага філіяла.

У 1672 годзе манастыр атрымаў у дар вёску Казіміраўка, якую ахвяраваў гродзенскі суддзя Казімір Ян Газуба. Гэтае ахвяраванне зацвердзіў гродзенскі сойм 1678 года.

2_887.jpg Кароль Ян Сабескі, адзін з мецэнатаў манастыра

У 1679 годзе кароль ЯН Сабескі падарыў кармелітам участак зямлі. Ваўкавыскі маршалак Мікалай Агінскі з жонкай Крысцінай у 1681 годзе даравалі гродзенскім кармелітам адзін са сваіх маёнткаў. Акрамя таго, кармелітаў ашчаслівіў яшчэ адзін прадстаўнік роду Катовічаў – Рыгор, які падарыў манастыру некалькі вёсак.

Зафіксаваны на планах драўляны касцёл знаходзіўся насупраць участку, пазней занятага мураваным храмам.

Падарожнік XVIII стагоддзя Вільгельм Шлемюлер аглядаў храм падчас візіту ў Гродна. Ён называе касцёл старым і маленькім, але адзначае наяўнасць у ім пяці пазалочаных алтароў.

Новы касцёл таксама быў пабудаваны на ўчастку Катовічаў. Па інфармацыі кармеліцкіх крыніц, манахі будавалі новыя будынкі за свой кошт. Аднак вядомыя і некаторыя мецэнаты манастыра, якія здзяйснялі свае дабрадзействы ў гэты перыяд. У 30-х гадах XVIII стагоддзя сродкі кармелітам перадавалі: Ян Карп, Адам і Ян Гротусы, Рыгор Катовіч. У 1752 годзе той жа падарожнік Шлемюлер пісаў пра яшчэ недабудаваны касцёл, што той «…будзе цудоўны. Спераду ў стылі раманскім, вельмі моцна ўпрыгожаны». На думку В. Талочкі, які пісаў пра касцёл у 1915 годзе: «Быў гэта без сумневу найцудоўнейшы касцёл кармелітаў у дыяцэзіі, а можа і ва ўсім краі».

3-Храм-в-начале-XIX-века_800.jpg Храм у пачатку XIX стагоддзя

У перыяд знаходжання ў складзе Расійскай імперыі будынкі кляштара служылі турмой, а пасля і ўвогуле былі пераробленыя ў казармы.

4_984.jpg Храм кармелітаў пад лічбай 7 на фотапанараме другой паловы XIX ст.

У 1994 годзе, на досвітку беларускай незалежнасці, будынку надалі рысы, прызначаныя нагадваць пра былое аблічча, то бок збудавалі высокі шчыт, барочны па абрысах, які кантрастуе з хай-тэк элементамі фасада.

5-2012-06-02_i9_9734_887.jpg

Новы каменны храм кармелітаў належаў да віленскага барока, уяўляючы, такім чынам, больш рэдкі для гэтага стылю варыянт бязвежавага храма. Прыблізныя памеры гэтай базілікі 20 на 30 метраў (з улікам памяшкання за апсідай храма). Галоўны фасад меў выключны па складанасці барочны сілуэт, вытанчанасць абрысаў якога можна было б, мабыць, параўнаць у ВКЛ толькі з вельмі невялікай колькасцю храмаў, да прыкладу, з касцёлам Св. Яна ў Вільні.

6 Главный фасад кармелитоского храма.jpg

Касцёл меў найбольш пышны ляпны дэкор сярод усіх гродзенскіх храмаў. Ракайльная ляпніна багата пакрывала сцены. Усе ляпныя элементы, у тым ліку і капітэлі пілястраў, былі вырашаныя ў стылі ракако. Асабліва вылучаўся буйны рэльеф па цэнтры фасада, паміж першым і другім ярусамі. Касцёл упрыгожвалі пяць ніш для круглых скульптур. Хвалебныя водгукі Шлемюлера і Талочкі былі цалкам заслужанымі. Архітэктура гэтага храма пераклікалася з архітэктурай некаторых іншых касцёлаў Рэчы Паспалітай, напрыклад, варшаўскага храма візітак. Завіткі франтона служылі асновамі для барочных ваз.

Храм кармелітаў, нароўні з віленскім касцёлам Св. Яна, з'яўляецца адным з двух найвялікшых помнікаў віленскага барока.

7 Интерьер костёла.jpg

У інтэр'еры былі ўстаноўлены некалькі буйных каменных алтароў і амбон, гэтыя элементы ўпрыгожвала багатая ляпніна. Галоўны двух'ярусны алтар быў вырашаны ў стылі ракако. Паміж скляпеннямі і ніжнім ярусам, па цэнтры алтара, размяшчаўся багаты дэкаратыўны элемент, які ўяўляў сабой нібы струмень складанай «воблачнай» формы, які падае з вышыні. Дзве пары калон на высокіх пастаментах узвышаліся над багатым парталам, праз які можна было прайсці ў асобнае памяшканне. Вялікія пілястры цэнтральнага нефа мелі выключна складаныя ракайльныя капітэлі. Складаны дэкор у стылі ракако ўпрыгожваў і амбон. Дэкаратыўныя элементы астатніх алтароў гарманіравалі з афармленнем галоўнага алтара. Ракако ў інтэр'еры кармеліцкага касцёла было ўзведзенае ў абсалют, уяўляючы сабой крайнюю ступень мудрагелістасці, уласцівай гэтаму стылю, але пры тым гарманічны ансамбль, з прапрацоўкай усіх, нават малых, дэталяў. Дзякуючы такому рашэнню ў храме ўдалося стварыць адзін з найбольш яркіх і цэласных ракайльных інтэр'ераў ВКЛ.

З левага боку храма знаходзіцца перабудаваны корпус манастыра. Архітэктарам храма часам называюць Даменіка Фантана. Значна больш пераканаўчыя, прынамсі ў выпадку базіравання на мастацтвазнаўчым аналізе, гіпотэзы пра аўтарства Гвіда Антоніа Лонгі (Guido Antonio Longhi) альбо Антоніа Парака (Antonio Paracca). Лонгі прыпісваюць праекты храмаў у польскіх Бжэзна (польск. Brzeźno) і Кабылцы (польск. Kobyłka), якія ўяўляюць сабой будынкі са складанымі барочнымі шчытамі, ракайльным дэкорам і без паўкруглай апсіды. Падобнае рашэнне меў і гродзенскі касцёл кармелітаў.

10-2021-12-01-Гродно-DJI_0285pb_1330.jpg

Цікава, што некаторыя элементы былога храма гродзенскіх кармелітаў нібыта захаваліся і раскіданыя там і сям. Па некаторых дадзеных, адна з каваных рашотак, якія ўпрыгожвалі касцёл, выкарыстоўваецца ў якасці часткі балкона старога дома на праспекце Касманаўтаў, 24.

9-2021-12-01-Гродно-DJI_0291pb_1330.jpg

Няма сумневаў, што ўзнаўленне шыкоўнага фасада будынка былога храма зрабіла б гэтую частку горада яшчэ больш прывабнай для турыстаў.

10-2021-12-01-Гродно-DJI_0281pb_1330.jpg

Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца