На поўначы Беларусі знаходзіцца адзін з найбуйнейшых заказнікаў – «Чырвоны Бор», прыгожае месца, што здзіўляе не толькі сваімі краявідамі, але і колькасцю жывёл, якіх тут можна сустрэць у дзікай прыродзе, нават проста праязджаючы па дарозе ці па ўскраіне вёскі. Высокія гонкія хвоі са шматкаляровымі імхамі і вераском ля падножжа, бясконцыя ўзгоркі і ўпадзіны (так тут некалі прайшоўся ледавік), мноства азёр і рэк, забагненых нізін, зарасніку багуну, шыпшыны, скрыпеню ці велізарнай крапівы, на якой ранішняя раса блішчыць тонкай празрыстай посцілкай.
І калі сярод усёй гэтай прыгажосці ты бачыш аленяў, якія перабягаюць дарогу, то думаеш: «Вось пашанцавала!» Але потым аказваецца, што ты проста трапіў у іншы свет, і гэта толькі першыя знакі яго існасці. Раніцай ці вечарам на палетках і лугавінах тут заўсёды можна ўбачыць жывёл, якія выходзяць падкарміцца на травяныя абшары. Алені, лані, ласі і нават зубры. Як выпадзе шанец… І заўсёды гэта незабыўна – убачыць не аднаго-двух, а цэлы статак аленяў. Спачатку яны палахліва заміраюць, з цікаўнасцю ўглядаючыся ў табе, потым пры неасцярожным руху здымаюцца з месца, як зграйка птушак. І маленькія аленяняты-падлеткі смешна выбрыкваюць нагамі, не адстаючы ад маці. А вось самцы лані з вялікімі плоскімі аксаміцістымі рыдлёўкамі рогаў не такія палахлівыя. На заходзе яны павольна і ленавата адыходзяць ад назіральнікаў крыху далей, а то і не рухаюцца з месца, грэючыся ў праменях заходзячага сонца.
Тут увесь час чуеш гукі прыроды: галасы птушак, крыкі аленяў, нейкія рыпанні, шоргаты і іншыя галасы, распазнаць якія гарадскому жыхару цяжкавата. Гэта свет лесу жыве сваім жыццём, дазваляючы табе быць побач, быць удзельнікам жыцця прыроды.
І вось сярод гэтай прыроднай разнастайнасці размясцілася камфортная выспачка турыстычнага комплексу «Чырвоны Бор». На беразе возера Белае, сярод хваёвай баравіны ёсць месца, дзе можна правесці незабыўны водпуск. Узровень камфорту і сэрвісу – адзін з лепшых у нашай краіне. Ландшафтны дызайн па-за канкурэнцыяй. Асобныя ўтульныя хаткі, дзе ўсё прадумана, рэстаран з аўтарскай кухняй, якую яшчэ доўга будзеш памятаць. А магчымасці выбраць для сябе і дзяцей занятак для нясумнага баўлення часу на рэдкасць разнастайныя: катанне на роварах, пешыя шпацыры па маршрутах і без, купанне ў возеры, катанне на катамаранах, байдарачныя паходы, джып-сафары і экскурсіі, збор ягад і грыбоў, вуджэнне, тэніс, футбол, прагляд кінастужак, трэнажорная зала, ферма са свойскай жывёлай паблізу, экскурсія на адзін з самых сучасна абсталяваных пчальнікоў, спортынг-клуб (стральба па мішэням), назіранне за дзікімі жывёламі побач з гатэлям, лазня, саўна, шашлыкі ў альтанках ля возера, пэўна, я яшчэ нешта забылася нагадаць.
Туркомплекс пазіцыянуе сябе як месца для ціхага сямейнага адпачынку і тут, сапраўды, ніколі не бывае цеснаты, таму што кожны выбірае тое, што яго цікавіць і яму патрэбна.
Мы не маглі ўседзець у гатэлі, нягледзячы на ўсю яго прывабнасць і камфорт. Штораніцы і штовечар мы сядалі ў машыну і вандравалі па наваколлі.
І штораз наша няўрымслівасць і цікаўнасць былі ўзнагароджаны сустрэчамі з жывёламі: заяц, ліса, алені, лані. Праязджаючы ўвечар праз невялікую вёску, мы заўважылі ля крайняй хаты каля старых яблынь некалькіх аленяў. Яны прыйшлі паласавацца яшчэ няспелымі пладамі. Прыўстаючы на задніх нагах і выцягваючы шыі, яны зрывалі яблыкі з галінак і потым, смешна рухаючы сківіцамі, павольна разжоўвалі іх. А мы сядзелі ў машыне, адкрыўшы ўсе вокны, і назіралі за гэтай казачнай сцэнай, баючыся, што гэта карціна вось-вось знікне, растане ў летнім вечаровым змярканні.
А яшчэ на тэрыторыі заказніка пабудаваны назіральныя вышкі і хаткі-хованкі, з якіх можна фатаграфаваць жывёл. Калі павязе, можна назіраць і за рэдкімі птушкамі – беркутам і арланам-белахвостым.
Для тых, хто хоча ўбачыць усё і адразу, не праводзячы гадзіны ў чаканні, ёсць джып-сафары з мясцовымі знаўцамі. Праехаўшы па Чырвоным бары на спецыяльна абсталяваным джыпе, можна атрымаць амаль такія ж эмоцыі, як і ў нацыянальных парках Афрыкі. Звяры паступова прывыкаюць да тэхнікі, і не так яе баяцца, як чалавека. Калі б тут было забаронена паляванне, мабыць, з часам, гэта сапраўды быў бы паўнавартасны нацыянальны парк.
На беларускім сафары мы ўжо былі некалі, таму цяпер, нікуды не спяшаючыся, вывучалі наваколле самі, раз-пораз сустракаючы жывёл і птушак, заўважаючы ўсё, што можна ўбачыць неабыякавымі вачамі. Ёсць такі тэрмін «назіральна-сузіральны турызм», і гэта, мабыць, адно з лепшых баўленняў часу, даступных сучаснаму чалавеку. І дадатныя эмоцыі, і адрэналін, і медытацыя – ёсць розныя стадыі і спосабы, у залежнасці ад збегу абставін і вашага характару.
Сёлета нашы магчымасці падарожнічаць па свеце абмежаваны не залежнымі ад нас акалічнасцямі, але, падарожнічаючы па роднай краіне, мы маем не менш шанцаў рабіць адкрыцці, адчуваць захапленне, здзіўленне і шчасце. Пры ўмове, што мы да гэтага гатовы, што мы адкрыты для новых уражанняў, што мы можам аддавацца тым прыгодам, з якімі сутыкаемся, што мы не сумняваемся ў здольнасці атачальнай рэальнасці быць дзіўнай і чароўнай. І не важна, гэта будзе новы горад ці новы для нас куток прыроды, галоўнае – злапаць хвалю, трапіць у рэзананс, даверачыся атачальнай прасторы.