pl | de | en | ru

ПераКРЫЖаванні: Сафія Мінская – каралева Дацкая

Аўтар: Аляксандра Батурына
Фота: мал. Сяргея Хареўскага

Малавядомыя старонкі беларускай гісторыі, а таксама гіпотэза аб культурных, рэлігійных і чалавечых стасунках у сярэднявечнай Еўропе, аб уплыве беларусаў на гісторыю адной з самых магутных тады дзяржаў – Дацкага каралеўства.

Не так даўно беларускі гід Ганна Багданава і яе італьянская калега Ларыса Цялегіна правялі сумесную анлайн-лекцыю “Забытая каралева: Сафія Мінская – каралева Дацкая”, у якой не толькі распавялі пра малавядомыя старонкі беларускай гісторыі, але і выказалі вельмі цікавую гіпотэзу пра культурныя, релігійныя і чалавечыя стасункі ў сярэднявечнай Еўропе, пра ўплыў беларусаў на гісторыю адной з магутнейшых тады дзяржаў – Дацкага каралеўства.

Перакрыжаванне 1: Ганна і Сафія

Ганна Багданава – магістр гістарычных навук. Сама пра сябе кажа: “Мне з дзяцінства трэба было кудысьці дзяваць энергію, якой было зашмат. Таму я ўвесь час штосьці выдумляла, у чымсьці ўдзельнічала. І дагэтуль хочацца пазнаваць нешта новае. Да таго ж у беларускай гісторыі яшчэ вельмі шмат застаецца невядомым…”

Спалучэнне характару і навуковых інтарэсаў прывялі Ганну ў турыстычную галіну.

Адна з тэм, якая, на яе думку, зусім не дастаткова распрацавана гістарыяграфіяй, – роля жанчыны ў гісторыі Беларусі. “Спытайся на вуліцы, каго з асоб беларускай гісторыі жаночага полу ведаюць, назавуць, ну, можа, Еўфрасінню Полацкую і Анастасію Слуцкую…” – кажа Ганна.

Так у поле яе зроку трапіла гераіня XII стагоддзя – каралева Даніі Сафія. Мяркуецца, што была яна дачкой князя менскага Валадара Глебавіча, унука Усяслава Чарадзея. Але звестак пра яе ў нас не так шмат. Як лічаць некаторыя даследчыкі, нарадзілася яна ў Менску блізу 1141 года. Калі яе маці Рыкса, польская каралеўна, у трэці раз выйшла замуж за караля Швецыі, Сафія з’ехала з ёй. У 1154 годзе князёўна была абручана з дацкім каралём Вальдэмарам I, у 1157 годзе абралася з ім шлюбам. І стала каралевай-маці, пачынальніцай каралеўскай дынастыі.

2.jpg

Шлюб быў удалы. Сафія нарадзіла восем дзяцей: двух сыноў і шэсць дачок. Пасля смерці мужа да дасягнення старэйшым сынам Кнудам паўналецця фактычна ўладарыла ў Даніі, што сведчыць аб яе розуме, адукаванасці, моцным характары. Абодва яе сыны былі каралямі Даніі, дзве дачкі – каралевамі Швецыі і Францыі, дзве – жонкамі радавітых еўрапейскіх вяльмож.

У Даніі рэканструявалі знешні воблік Сафіі Мінскай па яе чэрапе, а дацкі мастак Енс Хэе зрабіў акварэльны накід твара каралевы. На нас глядзіць уладарная, валявая жанчына з упэўненым жорсткім поглядам, пазбаўленым сумневаў.

1.jpg

Сафія пахавана ў некропалі дацкіх каралёў у горадзе Рынгстэдзе, у саборы Святога Бента. У Даніі ёсць павер’е, што калі нявеста пастаіць на надмагільнай пліце каралевы, шлюб будзе моцным і шчаслівым.

7.jpg

Хаця існуюць розныя версіі паходжання Сафіі (у тым ліку аб тым, што яна была наўгародскай князёўнай), у Даніі яна вядома як «Sophie av Minsk og Polotzk». Пра яе ведае кожны дацкі школьнік, інфармацыя ёсць у падручніках, памяць аб ёй захоўваецца ў галоўных музеях Даніі. А ў Беларусі гэта асоба амаль не вядома. 

Перакрыжаванне 2: Ларыса і Ганна

Мінчанка Ларыса Цялегіна 12 гадоў таму выйшла замуж за італьянца; жыве ў Трыесце на поўначы Італіі. З мужам, апроч іншага, яны супалі ў імкненні да падарожжаў і пазнання новага. Вандроўкі рыхтавалі грунтоўна: ехалі не “кавалерыйскім наскокам”, а як мінімум на некалькі тыдняў, вывучалі інфармацыйныя матэрыялы, прадумвалі маршрут, вызначалі ключавыя пункты і кропкі скрыжавання інтарэсаў, шукалі “правільных” гідаў…

Дзейную натуру Ларысы не задавольвала роля жонкі-хатняй гаспадыні. Аднойчы заезджыя знаёмыя папрасілі паказаць ім Трыест. Як чалавек сур’ёзны, яна пачала рыхтавацца: збіраць інфармацыю, адшукваць цікавыя факты, прадумваць зручны маршрут… Прагулка гасцям вельмі спадабалася, і яны праз колькі часу далі кантакты Ларысы сваім сябрам, якія ехалі ў Італію… Так з’явілася ідэя, куды можна прыкласці энергію, веды, захапленні, духоўныя пошукі і душэўны імпэт.

Ларыса Цялегіна здала вельмі складаны іспыт і атрымала ліцэнзію нацыянальнага гіда (трэба сказаць, нават італьянцы далёка не заўсёды гэтага дамагаюцца.) Можна вызначыць дзве галоўныя адметнасці яе дзейнасці. Першая – яна ніколі не ідзе, так бы мовіць, бітым гасцінцам; распрацоўвае індывідуальныя маршруты, глыбока даследуе артэфакты, вывучае літаратуру, знаходзіць не заўважаныя нікім сувязі паміж асобамі і гістарычнымі падзеямі, прапускае кожную тэму праз сябе. Другая – вельмі часта кліенты і калегі робяцца яе сябрамі.

З Ганнай Багданавай Ларыса пазнаёмілася даўно ў тэматычным анлайн-супольніцтве. Ставілі “лайкі” і пакідалі адна адной каментарыі пад пастамі, дзяліліся інфармацыяй пра гідаў з розных краін, абмяркоўвалі цікавыя тэмы...

Вымушана седзячы дома ва ўмовах жорсткага лакдаўну і моцна засумаваўшы па ўлюбёнай рабоце, Ларыса стала цікавіцца дзейнасцю мінскіх калег. Так адбылося больш блізкае знаёмства з Ганнай Багданавай. А пасля таго, як даведалася аб падрабязнасцях яе экскурсіі па мемарыяле “Трасцянец”, прысвечанай гісторыі Халакосту ў Беларусі, Ларыса напісала: “Цаню калег, якія глыбока глядзяць у пласты гісторыі, цягнуць за тонкія нітачкі пачуццяў, вядуць цябе да эмацыйнага перажывання і самі перажываюць з табой. На такіх экскурсіях я іду па дарозе да сябе, нават калі падаецца, што прыйшла за ведамі ці ўражаннямі”. 

Перакрыжаванне 3: Ларыса і Сафія

Сталася так, што Сафія, каралева Дацкая, ужо даволі даўно зацікавіла Ларысу Цялегіну. Пра тое, як гэта атрымалася і да якіх яшчэ перакрыжаванняў прывяло, – крыху пазней, а зараз – разважанні Ларысы:

– Сафію адправілі ў Данію ў 1154 годзе, 13-гадовай дзяўчынкай. У Мінскім княстве, відаць, лічылася, што гэты ўзрост цалкам падыходзіць для шлюбу. Але ў адной з ключавых дзяржаў сярэднявечнай Еўропы было іншае меркаванне: малая яшчэ. І вось падумайце: беларуская князёўна тры гады жыла пры каралеўскім двары, яе выхоўвалі, каб яна стала годнай каралевай. Гэта ж наколькі моцна дацкая карона хацела бачыць жонкай караля менавіта яе! На мой погляд, гэта сведчыць і аб прэстыжнасці такого шлюбу, то бок знешнепалітычным аўтарытэце Мінскага і Полацкага княстваў, і аб асабістых якасцях Сафіі. Адметна, што ў час яе знаходжання на прастоле ў Даніі чаканіліся манеты з выявай двух валадарой – караля і каралевы. Мякка кажучы, не такі ўжо часты выпадак у Сярэднявеччы. 

Перакрыжаванне 4: Сафія і Дагмар

Сафія Мінская мае дачыненне да яшчэ адной вельмі паважанай у Даніі гістарычнай асобы. Яе сын Вальдэмар II узяў у жонкі багемскую прынцэсу Дагмар (Драгаміру). Паводле завядзёнкі, пасля першай шлюбнай ночы маладая каралева выказвала “ранішнюю просьбу”, якая мусіла быць выкананай. Дагмар папрасіла не аксаміту і дыяментаў, не прывілеяў, а – вызваліць усіх вязняў і паменшыць падаткі. Што і было зроблена.

Пражыўшы на свеце ўсяго 26 гадоў і шэсць з іх будучы каралевай Даніі, Дагмар заваявала такую любоў падданых, што на ўсім яе апошнім шляху ад тагачаснай сталіцы Даніі Рыбе да месца вечнага спачыну ў Рынгстэдзе (а гэта 250 кіламетраў) сяляне ў святочных строях упрагаліся ў воз, на якім везлі свінцовую труну з целам спачылай, а падчас і неслі яе на руках.

Памяць пра каралеву Дагмар захавалася ў народных паданнях і баладах. І зараз яе імем названы вуліцы і школы, тэатр у Капенгагене, гатэлі. Сустрэць датчанку Дагмар не цяжэй, чым беларуску Марыю. 

Перакрыжаванне 5: Лазар Богша і крыж Дагмар

Колькі гадоў таму беларускі рэстаўратар і майстар ювелірнай справы атрымаў своеасаблівы прафесійны выклік: зрабіць рэпліку дацкай рэліквіі – крыжа Дагмар.

3.jpg

У 1683 (паводле іншых крыніц – 1690) годзе пастар прыходу Святога Бента ў Рынгстэдзе Крыстэн Брычфелд рыхтаваў у некропалі дацкіх каралёў перапахаване астанкаў караля Эрыка VI і пад шумок вырашыў знайсці прэстыжнае мястэчка побач з уладнымі людзьмі для сябе і сваёй жонкі. А дзеля гэтага прадпрымальны пастар… пасунуў пахавальні каралевы Дагмар і каралевы Швецыі Рэгіцы, дачкі Сафіі Мінскай і Вальдэмара I, роднай сястры Вальдэмара II. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, папросту іх па-варварску зруйнаваў. Сярод разбураных склепаў быў знойдзены залаты крыжык-энкалпіён – каўчэг-хованка для хрысціянскіх святыняў (мошчаў і да т.п.). Брычфелд абвясціў, што прадмет знаходзіўся ў магіле каралевы Дагмар. Паколькі любоў да гэтай асобы датчане пранеслі праз стагоддзі, версія была ахвотна падхоплена, рэліквія атрымала імя – крыж Дагмар – і стала нацыянальнай каштоўнасцю. Зараз яна захоўваецца ў Нацыянальным музеі Даніі. Больш познія рэнтгеналагічныя даследаванні паказалі, что ўнутры кавалак дрэва – мяркуецца, гэта трэска ад крыжа Ісуса Хрыста.

Дагэтуль у Даніі крыж Дагмар з’яўляецца сакральным прадметам: больш простыя яго копіі дораць маленькім дзяўчынкам, а залатыя і срэбраныя – нявестам на вяселле.

Беларускі майстар, як прафесіянал высокага класа, перш чым узяцца за справу, глыбока вывучыў рэліквію. Гэта візантыйскі крыж, выкананы ў тэхніцы візантыйскай перагародчатай эмалі, прычым на вельмі высокім прафесійным і мастацкім узроўні. 

5.jpg

На адным баку – праваслаўнае распяцце з напісаным па-грэчаску імем Хрыста, на другім у цэнтры – паясная ікона Збаўцы, справа – Маці Божая, злева – Св.Іаан Хрысціцель, уверсе – Св.Васіль Вялікі, унізе – Св.Іаан Залатавуст. Надпісы нанесены таксама грэчаскімі літарамі. Навукоўцы лічаць, што крыж быў зроблены на пачатку XII стагоддзя.

Якім чынам у магіле еўрапейкі Дагмар мог з’явіцца праваслаўны крыж? Для гэтага ён павінен быў знаходзіцца на целе ўладальніцы, то бок шмат для яе значыць. Аднак бацька Дагмар Пржэмысл Отакар I быў князем, а потым каралём Чэхіі, якая ўваходзіла ў Свяшчэнную Рымскую імперыю, а таму ніяк не мог вызнаваць праваслаўе, і яго дачка (з высокай доляй верагоднасці) – таксама.

Так з’явілася меркаванне, што, магчыма, крыж быў не з магілы Дагмар, а з суседняга, таксама разбуранага, пахавання Рэгіцы, дачкі Сафіі Мінскай. Паколькі капальнікі асабліва не клапаціліся пра захаванне магіл, цяжка вызначыць, у чыёй менавіта знаходілася рэліквія.

Імя майстра, які ў XII стагоддзі выконваў замовы полацкіх князёў на ўпрыгажэнні і рэлігійныя прадметы ў тэхніцы візантыйскай перагародчатай эмалі, шырока вядома – Лазар Богша. Гэта ён у 1161 годзе зрабіў галоўную беларускую святыню (на жаль, страчаную падчас Другой сусветнай вайны) для стрыечнай цёткі Сафіі – Еўфрасінні Полацкай. Крыж Еўфрасінні аздоблены ўстаўкамі менавіта ў тэхніцы перагародчатай эмалі. У той час Богша быў ужо чалавекам вельмі сталага веку. А Пржэмысл Отакар I прыкладна тады толькі нарадзіўся. Майстроў такога ўзроўню, як Богша, не магло быць шмат. Таму ўзнікла цікавая версія: цалкам верагодна, што дасканала выкананы праваслаўны крыж, знойдзены ў Даніі, быў зроблены на пачатку XII стагоддзя альбо Лазарам Богшам, альбо кімсьці з таленавітых вучняў пад яго кіраўніцтвам для князя Валадара Глебавіча, які перадаў яго сваёй дачцэ, можа, пры хрышчэнні, а можа, калі адпраўляў яе назаўсёды ў далёкую паўночную краіну. Тады лёгка патлумачыць знаходжанне крыжа і ў магіле Рэгіцы (маці перадала дачцэ ў спадчыну), і ў магіле Дагмар (Сафія аддала святыню сыну Вальдэмару II, а той падараваў горача каханай жонцы).

Зроблена некалькі вельмі дакладных, высокамайстэрскіх копій крыжа Дагмар. Адну з іх Ларыса Цялегіна атрымала ў падарунак на юбілей. Падчас вандройкі па Даніі, убачыўшы ў Нацыянальным музеі аўтэнтычны крыж Дагмар, яна была ўражана яго падабенствам з падараваным.

8.jpg

Прафесійная цікаўнасць і даследчыцкі азарт павялі гіда Цялегіну па шляху раскручвання гэтай гісторыі. Так адбылася яе “сустрэча” з Сафіяй Мінскай…

***

Такім чынам, перакрыжаванне лёсаў, гістарычных падзей, шляхоў розных людзей знітавала сучасную Беларусь з Беларуссю старажытнай, з Еўропай сённяшняй і даўнішняй. Спраўдзіць гіпотэзу, выказаную беларускім майстрам і некаторымі гісторыкамі, аб тым, што дацкая святыня, звязаная з імем пашанотнай гістарычнай асобы гэтай краіны, паходзіць з беларускіх земляў, магчыма, і не ўдасца. Але не таму, што яна не мае права на існаванне, а таму, што, на жаль, захавалася вельмі мала дакументальных крыніц, якія распавядалі б пра падзеі беларускай гісторыі XII–XIII стагоддзяў. Але ці так ужо гэта патрэбна? Можа, больш важна вывучаць гісторыю сваёй краіны, на гэтым грунце будаваць успрыманне свету і мець уласны погляд на гістарычныя падзеі і асоб, як, напрыклад, беларускі гід Ганна Багданава і італьянскі Ларыса Цялегіна.


Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца