Я зрэдку фатаграфую вяселлі. За апошнія сорак гадоў толькі аднойчы, напэўна, рабіў гэта за грошы. Але заўсёды імкнуся фіксаваць цікавыя падзеі, сведкам якіх раблюся. І вяселлі сяброў і сваякоў тут не выключэнне.
Нядаўна падзяліўся ў фэйсбуку некалькімі архіўными здымкамі з вяселля. Яны выклікалі жывую рэакцыю. Я вырашыў паказаць паляшуцкія вяселлі у асобным матэрыяле – усёж-такі гэта ўжо гісторыя, якая ілюструе апошнія гады жыцця СССР у адным пэўным кутку Беларусі…
Петрыкаўскі раён, вёска Навасёлкі, ліпень 1987 года. Замуж выходзіць мая малодшая сястра Света.
Не дзіўна, што Света схапілася за галаву, калі ёй прапанавалі спавіць ляльку. Свеце толькі сямнаццаць, яна малодшая ў сям'і. І нічога падобнага яшчэ рабіць не ўмее…
Другі дзень вяселля. Госці ідуць да жаніха.
Дарогу заступаюць аднавяскоўцы. Пачынаецца ажыўлены гандаль, гучыць вясковы гумар.
Пасля заключэння пагаднення і атрымання выкупу перад працэсіяй выліваецца вядро вады. На шчасце маладзёнам!
Пад час вяселля быў і сумны момант.
Не помню – да каго са сваякоў жаніха хадзілі маладыя, але сам факт наведання могілак я зафіксаваў…
Танцы на вясковай вуліцы.
І маладая сям'я, якая за імі назірае…
Захаваю для гісторыі радасны твар нявесты і незнаёмай дзяўчынкі, якая, напэўна, пра будучага мужа яшчэ не думае.
І яшчэ пакажу трох паляшучак. Паглядзіце ў вочы цёткі Сафіны – у іх можна патануць. Усё жыццё яна пражыла адна…
Чэрвень 1990 года, вяселле брата Віктара.
Ніхто тады і ўявіць не мог, што рашэнні ХХVII з'езда КПСС ніколі не будуць ажыццёўлены, а сама велізарная краіна пратрымаецца крыху больш за год…
Адзін з маіх лепшых вясельных здымкаў – Віктар нясе Люду. Куды? Я ўжо і не помятаю, але радасныя дзеці надаюць сюжэту сімвалізм, а цень фатографа з велізарнай торбай падказвае мне, чаму часам баліць спіна.
6 кастрычніка 1990 года, мы едзем на вяселле ў Навасёлкі. Тады я заказаў у Мінскім турклубе аўтобус для падарожжа ў Гомельскую вобласць, але пераблытаў даты – аўтобус вылучылі на дзень раней. І мы пасля роспісу ў ЗАГСе ўладкавалі аўтобусную экскурсію па Мінску.
Адмыслова да нашага вяселля бацька пабудаваў у двары будан, накрыў яго шыферам, а сцены ўпрыгожылі дыванамі і галінамі дрэваў. На фота – момант вынасу каравая. Маладыя на Палессі частуюць гасцей караваем, а тыя дораць ім грошы і падарункі.
Мая мама, хросны бацька і цешча.
Захаваю і фота роднага бацькі для гісторыі.
Не памятаю, што мне казала ў гэты момант жонка хроснага бацькі, якую ўсё ў вёсцы клікалі Цыганачка. У Ванюжычах і Навасёлках у кожнага жыхара вёскі была мянушка. Маму маю клікалі Партызанка, таму што нарадзілася ў 1944 годзе. Бабулю – Слабаджанка, таму што родам з вёскі Слабодка. У мяне была мянушка Плытка – ад прозвішча Плыткевіч.
Маладыя госці і бабуля Ганна. Якія яна расказвала казкі! Чытаць не ўмела, але помніла велізарнуюколькасць гісторый, магла пашаптаць ля галавы і сцішыць боль. Працавала з ранку да ночы – гэта па руках яе вельмі добра бачна. А я быў журналістам, меў дыктафон – і не запісаў ніводнай яе казкі! Вось пра гэта буду шкадаваць да канца свайго жыцця…
Вясковая мода старэйшага пакалення пад канец васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя…
Пачатак жніўня 1991 года. Да вяселля рыхтуецца сястра Ала.
Традыцыйны танец у ЗАГСе і сустрэча маладых маімі бацькамі.
Кветкі да мемарыяла загінулых у Вялікай Айчыннай вайне землякоў.
Вясковы каларыт.
І як звычайна – сталы на шляху вясельнай працэсіі.
Да путча ў Маскве застаюцца лічаныя дні, да развалу СССР некалькі месяцаў…
Але хто тады на Палессі думаў пра нейкую гісторыю? Хто спадзяваўся, што і гэтыя здымкі стануць гістарычнымі, будуць ілюстраваць пэўны этап у жыцці нашай краіны?