pl | de | en | ru

Хто такія Дараганы?

Аўтар: Юрый Клеванец
Фота: фота аўтара і Сяргея Плыткевіча

У Асіповіцкім раённым краязнаўчым музеі ёсць мемарыяльная зала Дараганаў, былых уладальнікаў маёнтка Дараганава (зараз – станцыя чыгункі і аграгарадок у Асіповіцкім раёне), а таксама вялікіх зямельных абшараў у суседнім Старадарожскім раёне.

Хто такія Дараганы? Род Дараганаў выходзіць з Палтаўшчыны. Сярод дакументаў, звязаных з казацкім войскам на Украіне, ёсць звесткі аб тым, што адзін з продкаў гэтай фаміліі даслужыўся да чыну палкоўніка.

Потым, калі Усходняя Украіна ўвайшла ў склад Расіі, статус Дараганаў некалькі панізіўся: у вялікай краіне было шмат палкоўнікаў і да стварэння Пятром I сапраўднай арміі. Да таго ж Дараганы не маглі мець прэтэнзій на верхнія прыступкі феадальнай лесвіцы ў Расіі, якія ўжо былі занятыя князямі, баярамі, акольнічымі. Такім чынам, род быў багаты, з пэўнымі каранямі, але ж вядомы і статусны толькі ў межах сваёй Палтаўскай губерніі.

Дараганы па традыціі служылі ў войску, на флоце, ці былі штатскімі чыноўнікамі не самага малога, але ж і не найвялікшага рангу.

Ідэя набыць землі, якія пасля смерці рускага падданага князя Пятра Вітгенштэйна не мелі прамых нашчадкаў, прыйшла да Восіпа Дарагана, калі было вырашана пракладаць Лібава-Роменскую чыгунку. Ён у гэты час займаў значную пасаду ў Міністэрстве шляхоў зносін імперыі. У Вітгенштэйна не было дзяцей, а ягоныя сваякі па сястры, герцагі Гагенлоэ, былі грамадзянамі Германіі, і таму не мелі правоў на зямельную нерухомасць у Расіі. Развіццё чыгуначнага транспарту ў той вялікай краіне заўсёды выклікала ажыўленне зямельна-маёмасных адносін у мясцінах, дзе павінна была прайсці тая ці іншая чыгуначная лінія. Чыноўнікі, якія загадзя мелі інфармацыю аб будаўніцтве, ці іхнія сваякі заўсёды імкнуліся купляць там зямлю, бо яе кошт з цягам часу значна павышаўся.

Вось так, дзякуючы высокай пасадзе і прадпрымальніцкім якасцям аднаго са старэйшых прадстаўнікоў клана, сям`я Дараганаў набыла значную частку маёмасці Вітгенштэйна, а раней – Радзівілаў. У сучасным Асіповіцкім раёне гэта былі маёнткі Жыцін, Крынка, Майсеевічы, Пратасевічы, Радуцічы. Усяго болей за 30 тысяч дзесяцін зямлі.

Трэба заўважыць, што на погляд чалавека дзевятнадцатага, ці нават пачатку двадцатага стагоддзя гэтыя лясныя ці балотныя абшары не маглі лічыцца вельмі прывабнымі, бо толькі каля 10% з іх былі развораны. Але ж з пракладкай чыгункі ўсё мянялася. А таму новыя ўладальнікі завялі лясную гаспадарку з адмысловай вартай, арганізавалі пракладку просек так, каб падзяліць кожную з “дач” з дзелавой драўнінай на 80 частак і потым высякаць па адной кожны год.

Паралельна па дамоўленасці з кіраўніцтвам чыгункі за кошт уладальнікаў зямель вялося будаўніцтва чыгуначнай веткі ад станцыі Асіповічы на Старыя Дарогі даўжынёй каля 40 кіламетраў з мастамі, станцыямі Старыя Дарогі і Дараганава, раз`ездамі. Пры гэтым места для населенага пункта Дараганава было выбрана проста сярод лесу.

1-2020-06-27-10--DJI_0102pb_1330.jpg

Праз 9 месяцаў работы былі скончаны. Дзяржава выкупіла новую чыгунку ва ўласнасць. Пачаўся вываз лесу, гандаль прывазнымі таварамі, пры станцыях выраслі паселішчы лесарубаў з яўрэйскімі крамамі. Усё гэта – адна з ілюстрацыяў развіцця капіталізма ў Расіі, калі маёмасць ад вытанчаных, але непрактычных транжыр, нашчадкаў старых феадальных фаміліяў пераходзіла да хцівых і няўрымслівых прадпрымальнікаў.

У Дараганава і каля Крынак пабудаваныя драўляныя і мураваныя дамы новых уладальнікаў, але ж Дараганы былі на гэтай зямлі наездамі, часцей за ўсё – на лета. Сам сапраўдны стацкі саветнік Восіп Дараган з сям`ёй жыў па месцы службы, то ў Варшаве, то ў Рызе, дзе кіраваў Рыжска-Арлоўскай чыгункай. Астатнія суродзічы таксама займаліся сваімі справамі. Адзін з сыноў старэйшага гаспадара, Восіп Восіпавіч, цікавіўся этнаграфіяй, збіраў песні і казкі, фатаграфаваў мясцовых сялян. Але чыгуначная лінія працавала спраўна, капіталы фаміліі раслі.

Так было да 1917 года, калі здарылася рэвалюцыя. Сям`я Восіпа Дарагана пераехала з Рыгі праз заліў у Фінляндыю, дзе ў Дараганаў таксама была маёмасць. Прыйшлося некалькі “апрасціцца”, жыць сталі хоць і не бедна, па-ранейшаму мелі слуг, але ўжо не па-генеральску. Прыйшлося самім гадаваць трусоў і касіць сена. Новае пакаленне, як і ў іншых рускіх эмігрантаў першай хвалі, разляцелася па ўсім свеце.

Новая старонка нашай гісторыі пачынаецца з мяжы 70-80 гадоў мінулага стагоддзя, калі французская вучоная-філолаг Надзін Маршан, праўнучка Восіпа Дарагана, прыехала ў Маскву на нейкую навуковую канферэнцыю. Паміж справамі Надзін наведала Дараганава. Маёнтка каля Крынак яна ўжо не ўбачыла: у ім у часы Другой Сусветнай вайны немцы зрабілі канцэтрацыйны лагер для яўрэйскіх дзяцей, потым будынак зруйнавалі партызаны. Амаль ніякай памяці пра Дараганаў не засталося. Прыкладна праз 15 год пры школе ў Дараганава намаганнямі былой настаўніцы Зінаіды Рыгораўны Верашчака быў створаны краязнаўчы музей. Работнікі музея не адзін год шукалі нашчадкаў Дараганаў, пісалі лісты да Надзін. Лісты яна атрымлівала, але ж адказваць не спяшалася. Аднак усё ж у 2010 годзе Асіповіччыну наведаў яшчэ адзін праўнук Восіпа Фёдаравіча, Андрэй Дараган з жонкай. Тады і было вырашана перадаць асіповіцкаму музею частку фамільных рэчаў былых землеўладальнікаў. У 2012 годзе адбылася яшчэ адна сустрэча, а ў лютым наступнага года музей атрымаў асноўную частку калекцыі. Амаль год вялося мытнае афармленне, і толькі зімой 2013 зала Дараганаў была ўрачыста адчынена.

Зараз экспазіцыя Дараганаў займае тры пакоі. Першы з іх – “сталовая”. Тут сабрана мэбля пачатку мінулага стагоддзя, сталовыя сэрвізы, зробленыя болей за сто год таму. Самы стары экспанат – сапраўдны пярсіцкі дыван, якому ўжо болей за 250 год.

2-DSC_6645pb_1330.jpg

У другім пакоі сабраны прадметы побыту сям`і Дараган: вопратка, парасоны, чамаданы, абутак і гэтак далей. Сучаснаму чалавеку цікава, напрыклад, убачыць на ўласныя вочы плашч з сапраўднага натуральнага каўчука, які вельмі добра захаваўся.

3-DSC_6646pb_1330.jpg

Трэці пакой – прылады працы з фінскага “гнязда” Дараганаў. Гэтыя фінскія рэчы знешне падобныя да тых, што рабіліся і на Беларусі, але ж толькі знешне. Так, напрыклад, у касы квадратнае ў сячэнні касавішча, у сякер іншая форма ляза, вялікія штампаваныя са сталі сярпы маюць добра бачнае рэбро, каб не гнуліся. Шмат розных па памерах эмалірованых бляшчаных бідонаў – хутчэй за ўсё, для збору і перапрацоўцы малака.

Запрашаем усіх наведаць экспазіцыю Асіповіцкага краязнаўчага музея, а таксама нагадаем, што ў вёсцы Дараганава працуе філіял музея. Там таксама вельмі цікавая экспазіцыя!

4-2020-06-27-10--DJI_0086pb_1330.jpg Школьны краязнаўчы музей у вёсцы Дараганава
5-2020-06-27-4--2977pb_1330.jpg Помнік будаўнікам чыгуначнай дарогі каля станцыі Дараганава
6-2020-06-27-4--2980pb_1330.jpg

Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца