9 снежня 1891 года ў мінскім Траецкім прадмесці з’явіўся на свет будучы класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч.
З Мінскам быў звязаны ўсяго год жыцця Максіма, ды і то падзелены на два перыяды: паўгода пасля нараджэння і паўгода перад ад’ездам у Ялту, дзе ён памёр ад сухотаў. Мы вырашылі паглядзець, якія ж месцы, звязаныя з кароткім знаходжаннем Багдановіча ў беларускай сталіцы, захаваліся.
Дом, у якім нарадзіўся Максім, на жаль, не ацалеў. Паводле архіўных дакументаў, ён знаходзіўся ў квартале, абмежаваным сучаснымі вуліцамі Старажоўскай, архітэктара Заборскага і, уласна, Багдановіча. На першым паверсе флігеля працавала пачатковая школа, у якой у 1885-1891 гг. працаваў бацька будучага песняра, Адам Ягоравіч, на другім – жыла сям’я Багдановічаў.
Доўгі час лічылася, што дом паэта згарэў падчас вайны, аднак у апошняе дзесяцігоддзе з’явіліся альтэрнатыўныя версіі. Паводле адной з іх, прыведзенай у кнізе Віталія Кірычэнкі “Мінск. Гісторыя паваеннага аднаўлення. 1944-1952”, дом Багдановіча стаяў яшчэ ў 1951 годзе. На фота нібы менавіта яго палова бачна ў правым верхнім куце.
Пазней на яго каркас апрануць “сталінскую” трохпавярхоўку (сучасны дом № 25), упрыгожаную цяпер мемарыяльнай таблічкай, маўляў, “на гэтым месцы знаходзiўся…”.
Адзначым, што ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, куды мы звярнуліся за каментарамі, гэтую версію размяшчэння дома абверглі, падкрэсліўшы, што “радавое гняздо” сям’і паэта знаходзілася ўсё ж у сярэдзіне квартала.
Праект рэканструкцыі дома Багдановічаў. Па апісанні, яго першы паверх быў мураваным, другі – драўляным.
І вось – неспадзяванае. Зазірнуўшы ў арку, метрах у 20 у двары мы бачым яшчэ адзін мемарыял з ужо знаёмымі словамі: «На гэтым месцы стаяў дом, у якiм нарадзiўся Максiм Багдановiч». Яны размножваюцца? Можна нават падумаць, што ў адным квартале стаяла цэлых два дома Багдановічаў!
Свежы, але ўжо месцамі іржавы, помнік – не ахці які твор мастацтва. Тым больш несімпатычна, што з яго адваротнага боку знаходзіцца (пабам!) пажарнае выйсце з падземнай аўтастаянкі знакамітага «дома Чыжа».
Гэта мемарыяльна-тэхналагічная пабудова з’явілася менавіта тут невыпадкова. Аб’ект прывязалі да пункта прыёму шклотары, які знаходзіўся на пятачку ў «застойныя» гады, і, як некаторыя мяркуюць, быў пабудаваны на падмурку дома Багдановічаў.
Па меркаванні старшыні грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, гэта памылка. «Калі на гэтым месцы пачалі капаць катлаван і будынак былога пункта прыёму шклотары знішчылі, пад ім у зямлі знаходзіліся звычайныя жалезабетонныя блокі, – распавёў ён у інтэрв’ю СМІ, – Затое метрах у дзесяці ад таго месца я бачыў чырвоную цэглу ХIХ стагоддзя».
Так што, выходзіць, падмуркі дома, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч, не знаходзяцца ні пад адным з існых мемарыяльных знакаў-клонаў?
Сям’я Багдановічаў пакінула Мінск улетку 1892 года. А вярнуўся Максім у наш горад праз цэлых 24 гады. «Было гэта ў канцы верасня 1916-га ў «Беларускай хатцы» на Захар’еўскай вуліцы, у сталоўцы Таварыства дапамогі ахвярам вайны», – успамінала сустрэчу Багдановіча на Радзіме паэтка Зоська Верас. Прама з чыгуначнага вакзала Максіма даставіў туды яго аднагодак, будучы міністр асветы ва ўрадзе БНР Аркадзь Смоліч. «Сардэчны, сціплы, просты Багдановiч адразу заваяваў агульную сімпатыю, – піша Верас. – Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно з намі, што ўсім блізкі і дарагі».
Легендарны клуб нацыянальнай мастацкай інтэлігенцыі «Беларуская хатка», дзе прыезду Багдановіча чакалі з нецярпеннем, у тыя гады знаходзіўся ў захаваным апендыксе Савецкай (былой Захар’еўскай) вуліцы, у цяперашнім доме № 12. Тут размяшчаўся Мінскі губернскі харчовы камітэт, у якім Багдановіч неўзабаве атрымаў працу сакратара.
Ну, а пакуль, у дзень прыезду з Яраслаўля, «пасля гарбаты сядзелі нядоўга – трэба было змучанаму дарогай адпачыць».
Пасялілі Максіма ў кватэры, дзе да таго часу ўжо жыў яшчэ адзін будучы класік – Змітрок Бядуля. Драўляны дамок, пабудаваны ў 1904 годзе на Мала-Георгіеўскай вуліцы (сёння Талстога), захаваўся, але ў сярэдзіне 1980-х ён «пераскочыў» на сто метраў ад свайго гістарычнага месца – на суседнюю Рабкораўскую вуліцу. Тут размясціўся музей «Беларуская хатка».
Малады класік пражыў у гэтым дамку пяць месяцаў. Тут ён напісаў верш-гімн «Пагоня» і паэму «Страцім-лебедзь». Адгэтуль кожны дзень Максім адпраўляўся на працу ў харчовы камітэт, размешчаны, калі памятаеце, у тым самым доме, дзе яго сустракалі ў першы вечар. Па выходных, калі кіраўніцтва адпачывала, удзельнікі «Беларускай хаткi» праводзілі там нелегальныя «вечарыны» для ўцекачоў Першай сусветнай, на якіх з лекцыямі і са сваімі вершамі часта выступаў і Багдановіч. Менавіта ў гэтых сценах упершыню прагучала яго несмяротная «Пагоня».
На доме, дзе разам з сябрамі Багдановіч сустрэў свой апошні Новы год і адкуль адправіўся на вакзал у лютым 1917-га (з мемуараў: «Мы ўсе хацелі правесці яго на цягнік, але Максім запратэставаў: «Развітаемся тут, у «Беларускай хатцы». Мне будзе цяжэй развітвацца з вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей»), няма ні барэльефаў, ні памятнай таблічкі. Металічныя жалюзі на вокнах першага паверха, глухая агароджа з калючым дротам – з двара. Па некаторых дадзеных, цяпер тут знаходзіцца служба бяспекі Прэзідэнта.
Ва ўспамінах Зоські Верас, з якой паэт пасябраваў у свой мінскі перыяд, ёсць такі ўрывак: «На работу мы з Багдановiчам выходзiлi разам i пераходзілі на другі бок вуліцы, каб icцi каля Чырвонага касцёла i нацешыцца яго выглядам. Kaлi пасля марозу прыходзіла адліга, чырвоныя цэглы новага касцёла пакрываліся срабрыстай шэранню, i гэта было цудоўна, як у казцы. Багдановіча няможна было адарваць, да таго быў захоплены…».
Мы сфатаграфавалі храм з таго месца, адкуль ім часта любаваўся паэт, – з парога «Беларускай хаткi». У нашы дні з гэтай кропкі бачная толькі высокая вежа: вялікую частку базілікі і дзве малыя вежы закрывае пабудаваны напачатку 1930-х Дом урада.
У запісах Змітрака Бядулі, суседа Максіма па жылплошчы, знаходзім такое сведчанне: «Нягледзячы на слабое здароўе, Багдановіч вельмі шмат працаваў. У вольны ад службы час ён ці сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, ці дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры газавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы». Будынак згаданай бібліятэкі захаваўся – ён знаходзіцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай, за спіною Палаца Рэспублікі.
Тут, у адкрытай у 1900 годзе першай у Мінску публічнай чытальні, акрамя Багдановіча, працавалі таксама Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч (Цётка). Фонд бібліятэкі на той час складаў больш за 17 тысяч кніг.
Яшчэ адзін «адрас» Багдановіча з’явіцца літаральна заўтра ў сталічным мікрараёне Усход (якога, як вы разумееце, стагоддзе назад не існавала). Аднак, ні ў адным са старадаўніх сабораў Верхняга горада, ні ў Чырвоным касцёле, які так вабіў Максіма, а ў пабудаваным у ХХI стагоддзі храме Усіх Святых вырашылі закласці капсулу з зямлёй з магілы паэта на ялцінскіх могілках.
Дарэчы, пытанне пра перанос праху Багдановіча з Крыму ў Мінск неаднаразова падымалася з пачатку 1990-х. Але справа так і не зрушылася з мёртвай кропкі. Зрэшты, гэта ўжо зусім іншая гісторыя…