en | de | pl | ru

Вандруем па малой радзіме: Мядзел

Аўтар: Наталля Лiсiцкая
Фота: Сяргея Плыткевіча

Першапачаткова Мядзел з’явіўся на востраве аднайменнага возера. Мяркуецца, што большасць яго жыхароў памерла праз нейкую эпідэмію. Хто застаўся — перасяліўся на берагі возера Мястра. А вось назва паселішча засталася ранейшая. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Мядзел узгадваецца ў 1324 годзе ў лісце Гедыміна рыжскаму біскупу. Вялікі князь скардзіцца на агрэсію тэўтонцаў: “…Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Мядзела, каб ён не быў так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі ў палон”.

1 Мядель, остров Замок.jpg

Хутчэй за ўсё, тут гаворка яшчэ пра ўмацаванні на востраве возера Мядзел.

2 Мядель, полуостров, где был замок.jpg

Замак на паўвостраве возера Мястра з’явіўся пазней. У дакументах ХV-ХVІ стагоддзяў сустракаюцца тры маёнткі з назвай “Мядзел”. Лічыцца, што “Малым Мядзелам” некалі называўся Кабыльнік (цяперашні аграгарадок Нарач). Стары ж і Новы Мядзел, з якіх утварыўся сучасны горад, яшчэ сто год таму былі асобнымі мястэчкамі. На картах ХVІ стагоддзя Мядзел пазначаны як “судовы горад, дзе разбіраюцца справы шляхты”. З 1793-га — казённае мястэчка ў складзе Расійскай імперыі.

У 1921-1939 гадах (у складзе Польшчы) — мястэчка, цэнтр гміны Дунілавіцкага (пасля — Пастаўскага) павета Віленскага ваяводства. З 15.11.1940 — вёска, цэнтр раёна Вілейскай вобласці (з 20.09.1944 — Маладзечанскай). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У лістападзе 1942-га партызаны разграмілі Мядзельскі гарнізон, улетку 1943-га зрабілі на яго некалькі налётаў. Са снежня 1943 года гарнізон быў блакіраваны партызанскай брыгадай імя Варашылава, і боепрыпасы гітлераўцам дастаўлялі самалётамі. Спробы ворага прарваць блакаду былі няўдалыя. А 4 ліпеня 1944-га воіны 850-га стралковага палка 277 стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту разам з партызанамі вызвалілі Мядзел.

3 Мядель, центр.jpg

17 лістапада 1959 года населены пункт атрымаў статус гарадскога пасёлка, а 30 снежня 1998 года — горада. На 1 студзеня 2020 года ў Мядзеле было 7110 жыхароў.

Шэсць прычын пабываць у Мядзеле

1. Наведаць тры музеі

Мабыць, знаёмства з Мядзелам варта пачаць менавіта з іх.

Грунтоўна пра гісторыю горада і раёна вам раскажуць у музеі народнай славы. Тэматычныя экспазіцыі апавядаюць пра старажытную гісторыю краю, Нарацкую аперацыю 1916 года, Кастрычніцкую рэвалюцыю і міжваенны перыяд 1921-1939 гадоў, Вялікую Айчынную вайну, канфесіі Мядзельшчыны, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Цікава аформлены “Партызанская зямлянка” і “Хата рыбака”. Мала каго пакінуць абыякавымі знаходкі археолагаў, экспанаты часоў абедзвюх сусветных войнаў, рукапісы Максіма Танка.

12 Мядель, музей.jpg

Створаны заслужаным настаўнікам БССР Канстанцінам Каратаем музей гісторыі школы імя Уладзіміра Дубоўкі знаходзіцца непасрэдна ў СШ №1. З’яўляецца самастойным аддзелам музея народнай славы і будзе цікавы не толькі людзям, якія вучыліся ў гэтай школе. Тут можна ўбачыць план Старога і Новага Мядзела, даведацца пра гісторыю адукацыі ў гэтых мясцінах, ды і ўвогуле пра гісторыю гэтых мясцін, паглядзець асабістыя рэчы паэта Уладзіміра Дубоўкі (у пачатку ХХ стагоддзя гэты ўраджэнец Пастаўшчыны вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы). Ну і, канечне, на фота розных часоў убачыць, як выглядалі ў мінулым стагоддзі школы населенага пункта. Даведацца пра вядомых выпускнікоў — а ў Мядзеле вучыліся ў тым ліку кіраўнік БССР Васіль Шаранговіч, народная артыстка Марыя Захарэвіч і народны мастак Васіль Шаранговіч (апошні — аднавясковец, але не сваяк першага). Адзіны нюанс: гэты музей працуе толькі па панядзелках. У іншыя дні наведаць яго таксама магчыма, толькі трэба дамаўляцца ў музеі народнай славы.

У гімназіі-інтэрнаце месціцца музей айчыннай вылічальнай тэхнікі, створаны настаўнікам інфарматыкі Вячаславам Саўчыкам. Тым, хто цікавіцца тэмай, варта зайсці. Толькі дамаўляйцеся загадзя: музей працуе ва ўстанове, дзе галоўнае — навучальны працэс, а не правядзенне экскурсій.

2. Прынесці кветкі на брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан

Пра гэта месца ніводзін экскурсавод не скажа: “Толькі ў нас, на Мядзельшчыне…” Бо брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан у выніку перапахаванняў у пасляваенныя гады з’явіліся ў кожным тагачасным райцэнтры Беларусі. Але гэта не робіць менш кранальным наведванне месцаў вечнага спачыну людзей розных нацыянальнасцей, якія загінулі ў змаганні з фашызмам. Будзеце ў Мядзеле — не мінайце брацкай магілы, над якой узвышаецца помнік смуткуючай маці.

3. Памаліцца ў храмах

Кніга “Памяць” паведамляе, што касцёл Маці Божай Шкаплернай пабудаваны ў 1754 годзе. Фундатарам быў Антоній Кошчыц.

4 Мядель, костел.jpg

Ён жа прывёз з Рыма рэліквіі святога Юстына. Гэта — гістарычныя факты. А вось у памяці народнай гэты ўладар Старога Мядзела застаўся не толькі шчодрым фундатарам спраў Касцёлу і гаспадаром, пры якім мястэчка атрымала Магдэбургскае права. Расказваюць пра зажыва замураваную ў слуп дзяўчыну — няньку загінуўшага праз няшчасны выпадак сына Антонія Кошчыца… Па матывах гэтай легенды Уладзімір Дубоўка напісаў паэму “Браніслава”. Не ведаю, ці трэба ў наш талерантны час рэкамендаваць яе вам для чытання. Бо створаная ў 1929 годзе атэістам Дубоўкам паэма — не толькі пра веліч характару простай сялянкі, асуджэнне людской няроўнасці і страшнага злачынства. Але таксама кпліва і беспардонна пра рэчы, пра якія куды больш далікатна сказаў Умберта Эка ў рамане “Імя ружы”. Што можа абразіць пачуцці вернікаў.

5 Мядель, костел 2.jpg

У 1840 годзе кляштар кармелітаў босых, якому належаў касцёл, быў закрыты, а ў 1866-м сам каталіцкі храм перароблены на праваслаўны (такой была помста царскай улады за падтрымку Лістападаўскага і Студзеньскага паўстанняў). Касцёл вернуты католікам толькі ў 1920 годзе. Пасля вайны закрыты і толькі ў 1989-м зноў аддадзены вернікам.

Няпростым быў лёс і праваслаўных мядзельскіх храмаў. Драўляныя цэрквы гарэлі, але зноў адбудоўваліся. Пасля апошняй вайны храм аддалі пад склад, а ў 1962 годзе ўвогуле разабралі — матэрыялы выкарысталі на будаўніцтва школы ў вёсцы Лотва і спартыўнай залы ў Мядзеле. На тым месцы ўзвялі дзіцячы садок (цяпер у будынку знаходзіцца цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання).

6 Мядель, церковь.jpg

У 1990-я набажэнствы сталі праводзіць у прыстасаваным памяшканні, а цяперашнюю царкву пабудавалі параўнальна нядаўна: першая служба ў ёй адбылася на Раство ў 2005 годзе.

4. Прайсці па Мядзельскай Кальварыі

Больш такіх пабудоў у Беларусі няма. Задуманая ў адпаведнасці з планам Крыжовай дарогі ў Ерусаліме, Мядзельская Кальварыя створана ў 1772 годзе. Тады яна ўключала 21 каплічку і 8 брам. Пасля перадачы парафіі праваслаўным у 1866 годзе Кальварыя доўгі час была ў заняпадзе, у 1927-1938 гадах адбудоўвалася. У час Вялікай Айчыннай была амаль поўнасцю знішчана.

7 Мядель, кальвария.jpg

Напрыканцы ХХ стагоддзя там, дзе некалі былі капліцы, вернікі паставілі крыжы. А ў 2014 -м Кальварыя зноў адбудавана. Двойчы на год — у ліпені і верасні — тут праходзіць набажэнства Крыжовага шляху.

5. Спыніцца ля помніка Максіму Танку

Падрабязней пра народнага паэта Беларусі пагутарым, як будзем наведваць Сваткаўскі сельсавет. Бо менавіта на яго тэрыторыі знаходзіцца вёска Пількаўшчына, дзе нарадзіўся Яўген Скурко (сапраўдныя імя і прозвішча Максіма Танка).

8 Мядель, пам.М.Танку.jpg

Сёння ж затрымаемся ля помніка, які з’явіўся ў райцэнтры ў 2014 годзе. Адметна, што да гэтай па­дзеі спрычынілася вялікая колькасць жыхароў Мядзельшчыны: на помнік пайшлі ў тым ліку і заробленыя імі на чатырох суботніках сродкі. Устаноўлены ён ля раённага Цэнтра культуры. Скульптурная выява паэта павернута тварам да вуліцы 17 Верасня. Тым, хто не сябруе з гісторыяй, нагадаю — 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР. Ці трэба тлумачыць, якое значэнне мела гэта дата для члена Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Яўгена Скурко? Ды і нарадзіўся паэт 17 верасня — праўда, 1912 года.

6. Пабываць на паўвостраве Замак

Калі вы былі ўжо у музеі народнай славы, дык ведаеце, што ўласна замка на паўвостраве возера Мястра даўно няма. Але звесткі пра яго беражліва збіраюць і сістэматызуюць археолагі. Хто ведае — можа, некалі з’явяцца сродкі і на рэстаўрацыю.

9 Мядел, полуостров.jpg

А пакуль памяць пра замак захоўваецца ў назве паўвострава ды мясцовых легендах пра польскую каралеву Бону Сфорцу, жонку Жыгімонта Старога (апошняя, кажуць, сапраўды магла тут бываць). А таксама ў выглядзе знаходак, якія перадаюць у музей народнай славы археолагі. Так што калі вам важна толькі тое, да чаго можна дакрануцца рукамі, ісці на паўвостраў не варта — задавольцеся яго зробленым з вышыні птушынага палёту фотаздымкам. І звесткамі, што атрымалі ў музеі: пра вежу кшталту Камянецкай дыяметрам 17 і вышынёй каля 30-ці метраў і драўляныя ўмацаванні. Што замак пабудаваны (мяркуецца) Саковічамі, тады перайшоў Радзівілам, а пасля быў дзяржаўным, як і само мястэчка. Што росквіт перажыў дзесьці ў 20-30-я гады ХVІ стагоддзя, калі да вежы прыбудавалі мураваны палац.

10 Миколай Радзивилл (1470—1521) — владелец Мяделя.jpeg Мікалай Радзівіл (1470 – 1521) – адзін з уладальнікаў Мядзеля

А калі ёсць час і жаданне паблукаць там самому — пераадолейце па драўляным мастку не вельмі вялікую адлегласць праз балаціну. На паўвостраве добра думаецца. У тым ліку пра тое, што час руйнуе замкі і палацы, даносячы памяць пра іх уладароў у выглядзе супярэчлівых легенд. А нашчадкі простых людзей, імёны якіх згубіліся за смугой часу, і цяпер жывуць у тутэйшых ваколіцах. І хаты сялянскія як стаялі здаўна на нашай зямлі, так і заўсёды стаяць будуць.

Самыя яркія падзеі

Фестываль харавога мастацтва “Пеўчае поле”

Свята бярэ пачатак у 1952 годзе. Прымеркаванае да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яно праводзілася ў першую нядзелю ліпеня (тады 3 ліпеня быў звычайны рабочы дзень). Велічнае свята збірала тысячы людзей. Афіцыйна яно называлася “Нарачанскія росы”, а ва ўспамінах мясцовых жыхароў засталося як “Памятнік” і “Мікольскі фэст” — бо праводзілася ля помніка партызанам Вілейшчыны, што ля вёскі Мікольцы. Тады на свята ехалі старыя і малыя, кожны калгас прадстаўляў уласны хор. Сцэнай самадзейным артыстам служылі прыступкі велічнай стэлы, месцаў на невялікай колькасці лавачак хапала толькі самым пажылым гледачам, астатнія ж стаялі, а то і сядзелі проста на траве… У 1990-я фестываль змяніў назву на “Пеўчае поле”, а ўжо ў апошнія гады перанесены з берага Нарачы ў Мядзел. Цяпер спевы найлепшых харавых калектываў краіны гучаць са сцэны на ўзбярэжжы возера Мястра, а гледачы ўтульна размяшчаюцца ў амфітэатры. Але нязменна хвалюе выкананне зводным хорам фестывалю песні на словы Максіма Танка “Наш край нарачанскі”. Яна з’яўляецца і гімнам Мядзельскага раёна.

Не сумнявайцеся: “Пеўчае поле” — самае адметнае, па-сапраўднаму брэндавае свята Мядзельшчыны. Праходзіць раз у два гады, дату заўсёды загадзя паведамляюць раённая газета “Нарачанская зара” і яе сайт.

Свята азёр “Краса майго краю”

Яму яшчэ няшмат год. Але свята ўжо вельмі папулярнае. Праходзіць у апошнюю суботу ліпеня на мядзельскім пляжы. Адметнасцю яго з’яўляюцца тэматычныя конкурсы: рыбацкі, на найлепшы пясчаны замак і самую смачную юшку… Вызначаюць мацнейшых аматары пляжнага валейболу. У праграму ўключаюцца выступленні прафесійных і самадзейных артыстаў, маладзёжная вечарынка, забавы для дзяцей, продаж вырабаў народных майстроў… Некалькі разоў падчас свята азёр праходзілі рэспубліканскія прыгодніцкія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы “Водны забег”. Траса гэтага незвычайнага забегу праходзіць па вадзе.

У 2020 годзе шматлюднага свята азёр не праводзілі па прычыне пандэміі каранавіруса. А вось “Водны забег” быў.

11 Мядель, въезд.jpg

Сучасныя рэаліі, цікавыя падарожніку

Як даехаць?

Зусім не праблема: рэйсавыя аўтобусы сюды ходзяць рэгулярна. Калі ж і па Мядзеле вырашыце перамяшчацца грамадскім транспартам, лепш адразу дасканала вывучыць (а то і сфатаграфаваць на тэлефон) расклад яго руху. Бо гарадскія аўтобусы ходзяць нячаста, асабліва ў выхадныя і святочныя дні.

Што прывезці?

Традыцыйныя сувеніры кшталту магніціка на халадзільнік, талеркі або кубка з мядзельскімі краявідамі можна адшукаць у кіёску Белсаюздруку і магазіне “Прамтавары” (былы ўнівермаг). Магніцікі і каляндарыкі можна таксама замовіць у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка — гэта ў тым жа будынку, што і музей народнай славы.

Дзе падсілкавацца?

Устаноў грамадскага харчавання хапае: рэстаран “Мястра” і сталоўка побач з набярэжнай, кавярня ў гасцініцы, піцэрыя “Хіт”, кавярні “Беларуская хата” і “Сінгл-кафэ”.

Дзе спыніцца?

Выбар вялікі: сучасная гасцініца, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, аграсядзібы. Адрасы і тэлефоны можна даведацца на сайце Мядзельскага райвыканкама.


Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца