У кнізе краязнаўца Аляксандра Шынкевіча “Аршанская даўніна” ў дачыненні да сучаснай вёскі Смаляны, што ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, згадваецца наступная прыгожая легенда, якую мясцовыя жыхары распавядаюць пра тутэйшы замак: “У цёмныя восеньскія ночы, калі туман ад Дзярноўкі ахінае вежу знізу і толькі верхняя яе частка застаецца бачнай, нагадваючы фантастычны прывід, у вокнах, якія робяцца падобнымі на вочныя дзіркі шкілета, запальваецца таямнічае святло. Аднекуль з-пад зямлі чуецца дзівосная музыка, і паказваецца жанчына ў белым адзенні. Яна доўга-доўга моўчкі ўглядаецца ўдалеч, прыслухоўваецца да начной цішыні… Паводле падання, гэта і ёсць каралева Бона, чыім імем тубыльцы найчасцей называюць колішні замак”.
На жаль, гэтая легенда, як і шмат якія іншыя народныя паданні, не мае з гістарычнымі фактамі нічога агульнага.
Дастаткова прыгадаць, што Смалянскі замак быў узведзены на пачатку XVII стагоддзя, у той час як каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца д’Арагона памерла яшчэ ў 1557 годзе.
Камея з выявай Боны Сфорцы
Самы ранні з вядомых сёння дакументаў, у якім згадваюцца Смаляны, адносіцца да 1484 года. У ім паведамляецца аб тым, што вялікі князь Казімір аддаў “имене на имя Смоляне” князю Сямёну Іванавічу Бельскаму. Пасля ад’езду князя Сямёна ў Маскву Смаляны зноў перайшлі ў разрад вялікакняскіх уладанняў. У 1501 годзе гэты маёнтак атрымала Алена, жонка вялікага князя Аляксандра Ягелончыка, у 1522 годзе – князь Канстанцін Астрожскі і яго сын Ілля. На пачатку 1540-х гадоў “двор Смолняны (…) держал городничий городенский князь Семен Богданович Одинцович”. З 1543 года Смаляны амаль на тры стагоддзі перайшлі ва ўласнасць роду князёў Любартавічаў-Сангушкаў.
Князь Канстанцін Астрожскі – адзін з першых уладароў маёнтка Смаляны
На пачатку XVI стагоддзя род Сангушкаў герба “Пагоня” падзяляўся на тры лініі, дзве з якіх праз некаторы час цалкам выгаслі. Князь Васіль Міхайлавіч належаў да ковельскай лініі, што мела вотчыны на Валыні і часткова на поўдні Беларусі. З таго часу, як у 1518 годзе князь дамогся атрымання ад караля Жыгімонта І прывілея на магдэбургскае права для свайго радавога маёнтка Ковель, да свайго прозвішча ён змог з поўным правам дадаць прыдомак Ковельскі. Гэтае найменне засталося за ім нават пасля таго, калі ў 1543 годзе ён страціў ковельскія ўладанні, саступіўшы іх каралеве Боне ў абмен на маёнткі Смаляны, Абольцы і Горвал на Віцебшчыне і Міншчыне. Такі абмен мусіў адбыцца з прычыны “великия кривды и втисненя”, якія князь Васіль Міхайлавіч Сангушкавіч Ковельскі цярпеў ад “брати своее кровное и от инших обаполных суседов”.
Каралева Бона сама не валодала Смалянамі, а абмяняла іх на Ковель з дазволу свайго мужа Жыгімонта І Старога, яму яны фактычна і належалі.
Аднак па іроніі лёсу імя каралевы, якая хутчэй за ўсё так ні разу і не наведала Смаляны, трывала замацавалася ў вуснай гісторыі мястэчка, у той час як імёны не аднаго пакалення князёў Сангушкаў незваротна канулі ў Лету.
З артыкула Людмілы Хмяльніцкай “Смаляны (нарыс з гісторыі вёскі)”. “Голас Радзімы”, 1993 г., 11 лістапада.