Сканчэнне. Частка першая.
У часы зацяжнога бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай, якое прыйшлося на 1572 – 1574 гады, Аршанскае староства, размешчанае на мяжы з Маскоўскай дзяржавай, стала арэнай бурнай агентурнай дзейнасці, якую разгарнуў па даручэнню сенатараў Вялікага Княства Літоўскага аршанскі староста Філон Сямёнавіч Кміта-Чарнабыльскі, актыўны ўдзельнік Лівонскай вайны.
Яго змястоўныя лісты з Оршы ў Вільню ўтрымліваюць інфармацыю аб памежных справах і дзяржаўна-палітычным жыцці Маскоўскай Русі. Калі іх чытаць уважліва, то можна ўбачыць адну цікавую акалічнасць. Так, у пасланні да віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Філон Кміта-Чарнабыльскі, паведамляючы аб візіце да яго адной уплывовай асобы, адзначае: “И был у мене в именечку моем Смольнянах”. Не менш бянтэжыць і канчатак ліста: “Писан у Смольнянах, июня 16 дня, року 1574”. Адразу паўстае пытанне: хіба Смаляны на той час не належалі Сангушкам?
Філон Кміта-Чарнабыльскі на карціне Я. Матэйкі “Стэфан Баторый пад Псковам”
Адказ на пытанне даюць звесткі з радаводу Сангушкаў: аказваецца, удава князя Рыгора Васільевіча, сына Васіля Міхайлавіча Сангушкавіча Ковельскага, узяла другі шлюб з аршанскім старостам Кмітам-Чарнабыльскім. Аднак пасля смерці княгіні Настассі адзіным уладаром Смалян застаўся яе сын Андрэй Рыгоравіч Сангушкавіч.
Аб тым, як выглядалі Смаляны ў часы праўлення князя Андрэя, мы можам скласці ўяўленне на падставе двух старажытных інвентароў канца XVI стагоддзя. Інвентар 1593 года паведамляе аб тым, што існаваў “двор Смольяньский (…) острогом обведенный”, на якім размяшчаліся княскае жытло, гаспадарчыя пабудовы і студня. Знаходзіўся “двор” на беразе става і злучаўся з астатняй тэрыторыяй мастом на ланцугах. З інвентара 1594 года даведваемся аб тым, што пры Смалянскім ставе жылі 8 лебедзяў, якіх даглядалі мясцовыя жыхары Яська ды Дзямід.
Сыну князя Андрэя Сангушкавіча Ковельскага Сямёну наканавана было распачаць новую старонку ў гісторыі Смалян. Менавіта па яго загаду на беразе ракі Дзярноўкі быў пабудаваны мураваны замак “Белы Ковель” (або “Малы Ковель”), які ў свой час быў адным з самых буйных палацава-замкавых ансамбляў на Беларусі.
Князь Сямён з маладых гадоў вызначаўся поспехамі ў рыцарскай справе, чым здолеў здабыць сабе вялікую славу. Апроч таго, яго цікавіла кар’ера дзяржаўнага дзеяча, у якой ён таксама дасягнуў значных вышынь. Пасля смерці бацькі апекунамі малалетняга князя Сямёна сталі славуты Леў Сапега і два яго браты. Пад кіраўніцтвам і пры падтрымцы гэтых годных мужоў князь Сямён рабіў свае першыя крокі на дзяржаўным точышчы. Яго кар’ера пачыналася з пасады аршанскага маршалка, а к 40 гадам ён ужо заняў пачэснае ў Вялікім Княстве сенатарскае крэсла віцебскага ваяводы. Першым у родзе Сангушкаў князь Сямён перайшоў ва ўніяцтва (пасля чаго стаў называцца Сямёнам-Самуілам) і прымусіў усіх сваіх падданых зрабіць тое ж. Чалавек адукаваны, ён любіў людзей навукі, сам бавіўся ўзорамі прыгожага пісьменства, сабраў вялікую бібліятэку, напісаў радавод Сангушкаў.
Як адзначае даследчык Расціслаў Баравы, будаўніцтва замка ў Смалянах князем Сямёнам-Самуілам можна аднесці прыкладна да другога дзесяцігоддзя XVII стагоддзя. Замак каштаваў немалых грошай, затое вызначаўся вялікай прыгажосцю і зручнасцю. Узведзены з буйной цэглы і невялікіх камянёў, пафарбаваны ў белы колер, ён размяшчаўся на прамавугольнай пляцоўцы, абведзенай штучным вадаёмам. Увесь комплекс меў замкнёны, набліжаны да квадрата план, утвораны палацавымі карпусамі. Інтэр’еры жылых памяшканняў былі ўпрыгожаны фрэскамі на рэлігійныя сюжэты ды белымі кафлянымі печамі з гербам “Пагоня”.
Доўгі час лічылася, што замак “Белы Ковель”зруйнавалі воі Пятра І у 1708 годзе пасля бойкі са шведскім войскам. Аднак знойдзеныя ў архівах гісторыкам Міхасём Ткачовым інвентары Смалян 1739 і 1742 гадоў сведчаць аб тым, што замкавыя ўмацаванні ў гэты час паспяхова працягвалі сваё існаванне. Калі і з якой прычыны замак напаткала разбурэнне, да сённяшняга дня невядома. Адбылося гэта, трэба думаць, ужо к канцу XVIІI стагоддзя. Мастак Юзаф Пешка, які вандраваў па Беларусі з пэндзлем і фарбамі на мяжы XVIІI і ХІХ стагоддзяў, на адной са сваіх акварэляў зафіксаваў ужо толькі “маляўнічыя руіны” замка ў Смалянах – аскалёпкі былой велічы і раскошы.
“Белы Ковель” пазней не аднаўляўся, а продаж яго на цэглу ў ХІХ стагоддзі амаль поўнасцю знішчыў гэтую шляхетную пабудову. Да нашых дзён збераглася толькі адзіная вежа, што ганарліва ўзвышаецца на маляўнічым пагорку, спакушаючы мясцовых жыхароў на складанне інтрыгуючых аповядаў пра мясцовую даўніну.
З артыкула Людмілы Хмяльніцкай “Смаляны (нарыс з гісторыі вёскі)”.
“Голас Радзімы”, 1993 г., 18 лістапада.