de | en | pl | ru

Таццяна Хвагина – Экскурсавод з вялікай літары!

Аўтар: C. Плыткевіч
Фота: аўтара

Мяне ў дзяцінстве, на жаль, не навучылі хваліць людзей і рабіць кампліменты. У палескай глыбінцы ў сямідзясятыя
гады мінулага стагоддзя гэта было не прынята. Пазней мне неаднаразова казалі, што скупасць на пахвалу – дрэнная чалавечая якасць. Бо гэта ж так проста – сказаць чалавеку нешта прыемнае. Неяк я вырашыў выправіць гэту памылку і ўпершыню пахваліў сваю супрацоўніцу – журналістку газеты «Туризм и отдых». Яна расплакалася. А крыху пазней на планёрцы выдавецтва «Рыфтур» расплакалася дызайнер. Таму што я пахваліў яе калегу…

Спадзяюся, гэты маленькі ўступ надасць большае значэнне таму загалоўку, які я прыдумаў для матэрыяла пра Таццяну Хвагину. Таму што гэты артыкул – не пахвала і не камплімент. Гэта канстатацыя факта.

1-2022-06-15-16--1710_984.jpg

У кожнай прафесіі есці знакавыя людзі, якія надаюць ёй сапраўднае мастацкае гучанне. Сярод экскурсаводаў такія таксама ёсць. І адна з іх – вялікі знаўца Пінскага Палесся Таццяна Аркадзеўна Хвагіна. Каб ацаніць яе прафесіяналізм і мясцовы патрыятызм, досыць аднаго факта.

Лістапад 2021 года, Таццяна Хвагіна і яе муж захварэлі на кавід. Хвароба праходзіла вельмі цяжка. Таццяна Аркадзеўна выжыла, Леанід Міхайлавіч памёр. За гэты час я некалькі разоў тэлефанаваў у Пінск, каб пацікавіцца здароўем Таццяны Аркадзеўны, чуў па тэлефоне, як ёй цяжка было размаўляць. І якім жа было маё здзіўленне, калі праз тыдзень пасля пахавання мужа яна сама патэлефанавала і запыталася, як можна спыніць несумленных экскурсаводаў, якія даюць неправільную інфармацыю пра горад Пінск? Я прапанаваў ёй сабраць да кучы ўсе кур'ёзы, аспрэчыць іх – і ў нас атрымаўся матэрыял «Небылицы про город Пинск. Как с ними бороться?».

5-A29V1232зи_1330.jpg

Мы пазнаёміліся з Таццянай Хвагінай вельмі даўно. Яна пераехала ў Пінск з Баранавічаў у 1986 годзе і ўзначаліла Пінскае бюро
падарожжаў і экскурсій, якое ўваходзіла ў склад рэспубліканскага турысцка-экскурсійнага аб'яднання «Беларустурыст».

Хвагіна вельмі хутка дасканала вывучыла гісторыю гэтага рэгіёна і стала сапраўднай патрыёткай Пінскага Палесся.Менавіта дзякуючы яе настойлівасці з'явілася маляваная карта горада Пінска, якую зрабіў наш мастак Рубен Атаян. Мы выдавалі кнігу «Гарады-музеі», і Таццяна Аркадзеўна пераканала мяне, што без Пінска Беларусь будзе прадстаўлена непаўнавартасна. І Пінск мы ўключылі ў спіс гарадоў-музеяў, потым зрабілі разам з ёй даведнік па горадзе.

2 В храме.jpg

Напачатку двухтысячных гадоў у выдавецтве «Вышэйшая школа» выйшаў першы фотаальбом з тэкстам Таццяны Хвагінай «Пінск. Чароўная казка Палесся». Потым было мноства іншых выданняў, у тым ліку маштабны даведнік па ўсёй Брэсцкай вобласці «Ад Белавежскай пушчы да палескіх балот», у якім, апроч Таццяны Хвагиной, узяў удзел яшчэ адзін легендарны экскурсавод – Анатоль Варава.

6 Дуб в Бобровичах, 28 июня 2005.jpg

У 2018 годзе на нацыянальным конкурсе «Пазнай Беларусь» Таццяна Аркадзеўна Хвагіна была прызнана «Экскурсаводам года».

10 Дипломы победителей.jpg

У 2020 годзе мы разам з ёй арганізавалі і правялі Брэсцкі абласны краязнаўча-турыстычны конкурс «Магія Палесся», прысвечаны памяці краязнаўцы, абаронцы прыроды, экскурсавода і вандроўніка Аляксея Дуброўскага. Ідэя яго правядзення, вядома ж, належала Таццяне Аркадзеўне. Яна ж была і галоўным рухавіком праекта. Конкурс праходзіў сярод школьнікаў Брэсцкай вобласці. Яго ўдзельнікі спаборнічалі ў шасці намінацыях: «Краязнаўства», «Экалогія», «Этнаграфія і фальклор», «Турызм і экскурсіі», «Малюнак» і «Фота».

Таццяна Хвагина і Аляксей Дуброўскі ў час краязнаўчай экспедыцыі па Палессі. 2005 год

У конкурсе прынялі ўдзел звыш ста чалавек – школьнікі з Брэста, Пінска, Пінскага, Баранавіцкага, Столінскага, Івацэвіцкага, Іваноўскага, Лунінецкага, Беразоўскага і Маларыцкага раёнаў.

11 Победители Пинского района.jpg Фіналісты конкурсу «Магія Палесся» з Пінскага раёна. Люты 2021 года

30 верасня 2021 года па ініцыятыве Таццяны Хвагінай у Пінскім раёне адбылася ўрачыстая цэрымонія адкрыцця мемарыяльнай дошкі двум таленавітым беларускім літаратарам: Валянціне Іванаўне Локун і Валянціне Міхайлаўне Коўтун. Дошку ўсталявалі на фасадзе Малоткавіцкай сярэдняй школы, дзе яны абедзве вучыліся. Работа па збору сродкаў і вырабу мемарыяльнай дошкі адбылася па ініцыятыве Таццяны Аркадзеўны.

Летам і восенню 2022 года Таццяна Хвагина арганізавала ў Пінску курсы па падрыхтоўцы экскурсаводаў, пасведчанні Нацыянальнага агенцтва па турызму атрымалі больш за трыццаць чалавек.

14 В музее.jpg

Яшчэ адна мяжа таленту Хвагиной адкрылася, калі яна ўзялася за стварэнне музея ў габрэйскай агульнаадукацыйнай школе «Бэйс-Агарон».

Тут сышлося ўсё – і арганізатарскія здольнасці Таццяны Аркадзеўны, яе ўменне пераканаць землякоў, што яны павінны падзяліцца з музеем сваімі рэліквіямі, і пошук тых спецыялістаў, якія могуць рэалізаваць задуманае. Але самае галоўнае – веды, што патрэбна зрабіць, якія экспанаты ўключыць у экспазіцыю і як іх аформіць.

17-A29V1128зи_1330.jpg

І да знакамітага пінчука на вуліцы Леніна Таццяна Аркадзеўна мае дачыненне.

18 У пинчука.jpg

У працэсе рэалізацыі яе ідэя была трохі трансфармавана, але мэта па стварэнні прывабнага вобраза сталіцы Палесся часткова дасягнута.

19 гарео.jpg

Вось галерэя знакамітых гістарычных асоб, якія спрыялі развіццю горада Пінска ці яго папулярызацыі. Створана ў холе гасцініцы «Пінскі дворык» пры непасрэдным удзеле Таццяны Хвагінай.

20-2021-1-07-14-DJI_0436pb_1330.jpg

Галоўную пешаходную вуліцу горада ўпрыгожвае тая самая маляваная карта Пінска.

21 нашы боты.jpg

А наперадзе ў нас – новыя праекты. Таццяна Хвагіна прааналізіравала ўсю выдадзеную літаратуру пра Пінск і Палессе, выбрала самыя яркія выказы вядомых людзей пра гэты куток Беларусі і падрыхтавала да друку кнігу «Пінск і пінчукі – падарожжа ў часе (XIX – XX стст.)». Спадзяюся, мы надрукуем яе ў хуткім часе, як і новыя даведнікі па горадзе Пінску і Пінскім раёне, даведнікі па іншых раёнах Брэсцкай вобласці.

22-2022-06-15-16--1706pb_1330.jpg

Я вучуся гаварыць пра годных людзей добрыя словы. Спадзяюся, пры пошукавых запытах «экскурсавод у Пінску» гэты матэрыял будзе знаходзіцца, і Таццяна Аркадзеўна атрымае дадатковых кліентаў. Яны ёй патрэбныя. Яна не можа жыць без працы…



Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца