pl | de | en | ru

У краі русалак сярод герадотава мора

Аўтар: Лана Красікава
Фота: аўтара

Усе чатыры дні нашых падарожжаў па Палессі сярод Жыткавіцкага раёну мяне не пакідала думка: а што б напісаў пра Палессе Герадот, калі б раптам апынуўся ў нашым часе? Ці пазнаў бы гэты край, які сёння называюць у яго гонар? Як сустрэлі б яго сённяшнія нашчадкі сарматаў і венетаў? Налілі б бярозавіку, пачаставалі палескім крупнікам з грыбамі ці верашчакай? Далі б у падарунак шыкоўную самаробную посцілку ў кветкі і мудрагелістыя ўзоры? Прапанавалі б адпачыць у вясковай хаце, дзе кожная выглядае як філіял музея этнаграфіі, упрыхожаны вышыванымі рушнікамі ды фіранкамі?

1X3A0006_Krasikava.jpg

Тут дагэтуль лічыцца дрэннай гаспадыняй тая, ў якой няма на ложку зробленага ўласнымі рукамі дывана і падушак у тры паверхі з вышыванымі ў кветкі навалкамі. Мясцовыя 80-гадовыя бабулі з гонарам паказваюць свае сукенкі да вяселля, сшытыя пяцьдзесят год таму, ды рушнікі для ўпрыгожвання ікон ў чырвоным куце…

1X3A9831_Krasikava.jpg

І кожная бабуля абавязкова распавядзе, як небяспечна ўначы хадзіць па рыбу з-за даўганогіх русалак, якія дагэтуль жывуць у Прыпяці і чакаюць небарак. А потым, па сакрэце, – аб балотных істотах і дамавіках. У кагосьці яны добрыя, ахоўваюць спакой і дабрабыт сям’і, у кагосьці – варожыя і злыя, як пашанцуе.

1X3A0355_Krasikava.jpg

У мясцовым паляшуцкім свеце няма месца словам: “кар’ера”, “рэйтынг”, “імідж”. Тут усё проста. Паспяховы той, у каго ўсё добра з дзецьмі, дзеці наогул – галоўнае ў іх жыцці. У навакольных вёсачках няма вялікага багацця, цывілізацыя пакуль дайшла сюды толькі ў выглядзе тэлевізараў ды пластыкавага смецця, якое, на жаль, паўсюль. Жыццё тут цячэ нетаропка, мітусні горада ўвогуле не чуваць. Выбары? Праблемы ў эканоміцы? Ковід? Не, не чулі.

Па беразе Прыпяці блукаюць куры і гусі, кудысці спяшаецца па сваіх справах сабака, задуменны індык замер на памосце і глядзіць на застылую ваду і затопленыя дрэвы…

1X3A8262_Krasikava.jpg

Звонку вескі выглядаюць, як іх апісваў Я. Колас у “Дрыгве” амаль сто год таму: “Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Не спяшаецца яна выносіць дабро палескіх балот. А яго так многа, што ўсё роўна, спяшайся не спяшайся, а гэтай работы ёй хопіць на доўгія гады. Можа і надзею страціла яна вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная”.

1X3A9871_Krasikava.jpg

Такімі ж флегматычнымі і павольнымі падаліся нам вёсачкі Перароў, Млынок і Хлупін. Там няма пяцізоркавых гатэляў, на шчасце яшчэ няма плотаў з палікарбанату і пластыкавых пальмаў ля дамоў. Там шэрыя дахі і не вельмі дагледжанныя двары. Але, здаецца, на сёння гэта – лепшае месца ў Беларусі, каб прывесці сябе ў раўнавагу і на нейкі час забыцца аб праблемах.

1X3A8695_Krasikava.jpg

Тым больш, што жылі мы ў суседняй вёсцы Хваенск, дзе гаспадыня аграсядзібы “Прыродазнаўства” Настасся Тэслюк зрабіла ўсё для нашага адпачынку. Такая назва ў сядзібы нездарма – гаспадыня ладзіць прыродазнаўчыя семінары, збірае вакол сябе неабыякавых да экалогіі людзей. Здаецца, яна ведае ўсё аб дрэвах і аб лекаванні травамі: сама іх нарыхтоўвае і робіць найсмачнейшую гарбату. Было вельмі нечакана ўбачыць гэту вельмі прыгожую маладую жанчыну ў ролі гаспадыні. Ўвесь час мы здзіўляліся, як яна паспявае распавесці якую-небуць мясцовую цікавостку, правесці экскурсію па вёсцы, сустрэць гасцей, згатаваць смачнейшую ежу ў сапраўднай печы, паразмаўляць з бабулямі-суседкамі…

Праз чатыры дні знаёмства з гаспадыняй я з’ехала з сядзібы ўпэўненая, што пакуль у вёску прыязжаюць і паспяхова развіваюць уласны бізнес такія, як Насця, невялічкі шанец у беларускай вёсцы застаецца…

1X3A8569_Krasikava.jpg

У часы Герадота мора, ці па іншым крыніцам вялізарнае возера, займала плошчу ад сённяшняга Пінска да Слоніма і ад Брэста да Мазыра. У Ранняе Сярэднявечча яго называлі Сармацкім, а жыхароў вакол – сарматамі. Пазнейшыя мапы захавалі назву Sarmatica palus, дзе palus – дрыгва. Верагодна тады “мора” пачало ператварацца ў вялізарнае балота, якое дайшло да нашых часоў. Менавіта тут жылі мележаўскія Ганна і Васіль з “Людзей на балоце”. Цудоўна, што класік паспеў напісаць свой знакаміты раман да пачатку прамысловага асушэння балотаў. Сёння мы бачым, верагодна, амаль апошнія перліны гэтага некалі дзікага і дзівоснага края. 

1X3A8324_Krasikava.jpg

Мясцовасць няспынна змяняецца пад уплывам чалавека. Але дагэтуль кожны год магутная Прыпяць выходзіць вясной з берагоў і залівае наваколле. Па мясцовых сведчаннях, асабліва вялікі разліў здараецца раз на 20 год. Тое, што прываблівае фатографоў і турыстаў, выглядае сапраўды маляўніча – вяскоўцы ў чоўнах плаваюць паміж хат, жывёлы і копы сена ў вадзе – для жыхароў з’яўляецца штогадовымі турботамі і выпрабаваннямі. Сёлета рака паказала свой характар каля Петрыкава, дзе затапіла паромную пераправу. У Жыткавіцкім раёне, дзе былі мы, яна захапіла берагі, але да хат не дайшла. Нам заставалася толькі сумаваць, што няма дрона, каб убачыць усю прыгажосць разліва і падзівіцца на дрэвы і слупы ў вадзе. Лепш за ўсе веліч ракі адчувалася з мастоў і набярэжнай у Тураве. Жыццё самаго старажытнага Турава рака ў гэтым годзе не вельмі закранула, але фатографаў і турыстаў на разліў прыехала шмат.

У Турава вялікі турыстычны патэнцыял, які горад яшчэ не зразумеў напоўніцу.

1X3A0036_Krasikava.jpg

Калісьці тут з’явіўся адзін з самых старажытных славянскіх помнікаў пісьменства – Тураўскае Евангелле. А зараз са ўсіх бакоў едуць у Тураў пакланіцца знакамітаму крыжу, які расце з-пад зямлі на Барысаглебскіх могілках. Мала хто ведае – побач з першым пачаў расці яшчэ адзін крыж, трэба толькі адысці трохі ўбок. Самі Барысаглебскія могілкі вельмі старажытныя, ў XI стагодзі на іх былі пахаваны князі Глеб Мурамскі і Барыс Растоўскі. Увогуле, у Тураве ўсё дыхае гісторыяй.

1X3A9757_Krasikava.jpg

Па паданнях, узнікненне Турава звязана з крыжамі, якія прыплылі па Прыпяці з Кіева. Два з іх захоўваюцца ў царкве Ўсіх Святых. Утульны будынак царквы вабіць сваім спакоем і вонкавым выглядам. Побач з ім помнік Канстанціну Астрожскаму, які застаўся ў гісторыі як пераможца бітвы пад Оршай 1514 года, калі разграміў 80-тысячнае войска маскоўцаў і спыніў маскоўскую экспансію.

1X3A0028_Krasikava.jpg

Тураў – невялічкі горад, але гістарычныя цікавосткі там літаральна на кожным кроку. Маляўнічая Земская гара – гарадзішча – яшчэ адна абавязковая кропка для турыстаў. Яна сустракае велічным помнікам Кірылу Тураўскаму і цікавым будынкам з велізарнымі адмысловымі вокнамі – там пад дахам заховываюцца рэшткі царквы XIII стагодзя, зруйнаванай землятрусам. А пагуляўшы па горадзе, цудоўна выпіць кавы з фірмовым тураўскім тірамісу ў кавярне пры Тураўскім малочным камбінаце, накупіць смачнейшых тураўскіх сыроў і адправіцца за 50 км шукаць сапраўдных лясных цара і каралеву. Яны месцяцца ў самым сэрцы Прыпятскага заказніка. 

1X3A0222_Krasikava.jpg

Каралеве больш за 300 гадоў, гэта велічная сасна, якая, здаецца, падтрымлівае само неба сваімі векавымі галінамі. Цару-дубу больш за 800. Знайсці іх у лесе – яшчэ тая прыгода, але у нас амаль атрымалася. Пасля доўгіх блуканняў мы такі выйшлі да велізарнай сасны з дзвюма борцямі на самым версе. А з дубам не склалася. Значыць, трэба будзе прыехаць на Палессе яшчэ.

1X3A8198_Krasikava.jpg

Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца