en | de | pl | ru

У Мінску знайшлі дамы заснавальнікаў БНР братоў Луцкевічаў

Аўтар: Вольга Шуманская
Фота: аўтара
Спасылка: Комсомольская правда в Белоруссии

Падчас рэканструкцыі Купалаўскага парку ў цэнтры Мінска знайшлі месцазнаходжанне дамоў, у якіх жылі браты Антон і Іван Луцкевічы. Менавіта яны стаялі ля вытокаў Беларускай Народнай Рэспублікі і заснавалі першую беларускую газету "Наша Ніва". У парку ўжо ёсць памятны камень, усталяваны ў гонар Луцкевічаў, але цяперашняя знаходка паказвае на больш дакладнае размяшчэнне дамоў.

На мінулым тыдні падчас будаўніцтва студні для сцёку вады будаўнікі выявілі падмурак з вапны. Матэрыял дазволіў выказаць здагадку, што будынак быў пабудаваны да пачатку ХХ стагоддзя. Хутчэй за ўсё, гэта канец падмурка лазні, у якую хадзіў сам Янка Купала. Іншую частку падмурка гэтай лазні выявілі нядаўна – у сярэдзіне лістапада. Свежая знаходка плюс старыя планы горада дазволілі зразумець, дзе менавіта размяшчаліся дамы Луцкевічаў.

– Ёсць план 1948 года, на якім можна пабачыць два дамы. Гэта дамы Луцкевічаў. Яны былі вельмі блізка да лазняў. Мы зараз бачым, дзе заканчвалася лазня, і таму можам зразумець, дзе знаходзіліся дамы. Прыгадаю такі факт, што ў 30-м годзе маці Янкі Купалы бегла ў адзін з гэтых дамоў сюды, бо Купала зрабіў спробу самагубства, а трэці брат Луцкевічаў Стэфан быў доктар. І Стэфан пабег да дома Купалы аказваць дапамогу, – тлумачыць вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў.

Калі супаставіць месцазнаходжанне лазні і старыя планы горада, можна дакладна сказаць, дзе знаходзіліся дамы заснавальнікаў БНР.

Па яго словах, ёсць і яшчэ адзін арыенцір, які дапамагае ў дакладным вызначэнні месца дамоў – гэта "Дзюнікава таполя". Яна паказана на іншым плане, дзе таксама выразна бачны будынкі.

– У яе цікавая гісторыя. Яе вылавіў з ракі Эдуард Шабуня, яго называлі Дзюнік. Ён паказаў таполю бабулі Міле. Яна сказала, што гэта яблыня, і гэтую яблыню пасадзілі ў садзе. А вырасла велізарная таполя, якую назвалі "Дзюнікавай", – распавядае суразмоўца.

Па яго словах, дадзеныя з абодвух планаў пра месца знаходжання дамоў супадаюць, што дазваляе пераканацца ў дакладнасці высноў. Паводле гэтых планаў, адзін з падмуркаў дамоў пакуль знаходзіцца пад зямлёй, а другі ўжо амаль схаваўся пад шырокай шпацырнай дарожкай, частку якой пабудавалі за апошні месяц.

– Калі будавалі дарожку, яны здымалі зямлю, і было бачна, што экскаватар прайшоўся па цэгле. Я разумею, што яны зачапілі зверху гэты будынак. Ім не было патрэбы капаць углыб, яны зрабілі падсыпку і пачалі будаваць дарожку, – распавядае навуковы супрацоўнік.

Фундамент аднаго з дамоў пад нядаўна пракладзенай дарожкай.

Лёс другога падмурка яшчэ больш сумны, бо на яго месцы, па плане рэканструкцыі, можа прайсці траншэя для студні. І калі план не зменяць, то падмурак можа быць зусім разбураны.

– Мне як музейшчыку хочацца, каб будынак быў захаваны, бо гэта самая вялікая каштоўнасць парку. Гэта як падмуркі дома Касцюшкі. Музей у Мерачоўшчыне таксама будаваўся не адразу. Таму зараз пішу заяўку на ўнясенне гэтага месца ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Але заўжды вельмі праблемна ўнесці ў спіс месца, дзе ідуць працы, – разважае суразмоўца.

Ён упэўнены, што падмуркі дамоў могуць стаць часткай экскурсіі музея і распавесці не толькі пра жыццё Купалы, але і пра гісторыю Мінска таго часу, стаць ілюстрацыяй даваеннага жыцця цэнтра сталіцы. А ў аддаленай перспектыве дамы можна зрабіць музейнай часткай, бо захаваліся ўспаміны пра тое, як яны выглядалі знутры.

Акрамя фундаментаў, на месцы правядзення рэканструкцыі знайшлі многа іншых будучых экспанатаў музея.

– Па-нармальнаму перад працай на такіх месцах, дзе жылі вядомыя людзі, якім ставяць помнікі, мусяць быць раскопкі. І тады праектыроўшчыкі будуць працаваць не ўсляпую, а будуць ведаць, што дзе ёсць. Але ў нас нармальных даследаванняў праводзяць мала, таму што гэта патрабуе вялікіх грошай. Таму ў нас ёсць адно археалагічны нагляд – археолаг толькі прысутнічае на месцы працы, ідзе за экскаватарам і ацэньвае тое, што знайшлі ў гадзіны працы. І гэта ў лепшым выпадку, – разважае спецыяліст. – У Нясвіжы, напрыклад, iшлi працы ў касцёле Божага Цела. Будаўнiкi знайшлi 12 ці 13 чалавечых чарапоў, крыж, нейкія ўпрыгожанні. Археолагам ніхто нічога не паведаміў. Будаўнікі не сталі гэтага рабіць, таму што ў іх тэрмiны і, калі праца спыніцца, яны не паспеюць здаць праект. І толькі ксёндз падумаў: «А мо гэта крымінал?» – і паведаміў пра знаходку археолагам. І гэта Нясвіж, помнік ЮНЕСКА!

Павел Каралёў успамінае і нядаўнюю гісторыю пра Гальшаны, дзе пахаванні XIII – XIV стагоддзяў пусцілі пад добраўпарадкаванне: на яго месцы зрабілі дарожкі і паркоўку.

– Але я разумею, што раскопкі – гэта вялікія грошы, таму ў нас гэтага не робяць, – разважае ён.

Археолаг Мікалай Плавінскі пацвярджае гэты факт: па яго словах, раскопкі на месцы Купалаўскага парку каштавалі б значна больш, чым сама яго рэканструкцыя, таму ў нашых рэаліях пакуль такі падыход да аховы помнікаў – гэта фантастыка. Але ён распавядае, што іншыя краіны ўсё ж знаходзяць грошы на такія мэты.

– Можна пераехаць любую мяжу, і ў самым апошнім Смаленску так было б зроблена, – кажа археолаг.

ШТО БУДЗЕ ДАЛЕЙ З ПАДМУРКАМІ?

Цяпер іх лёс залежыць ад вынікаў навуковых пошукаў, якімі займаецца ліцэнзаваны навуковы супрацоўнік. Іх вынікі будуць гатовыя на працягу тыдня. Па выніках будзе прынята канчатковае рашэнне па праекце.

– Нейкая фіксацыя фрагментаў будзе. Верагоднасць таго, што яны захаваюцца, ёсць. Але ўсё залежыць ад вынікаў навуковага пошуку, – сказала "Камсамолцы" Ганна Аксёнова, галоўны архітэктар "Мінскпраект", арганізацыі, якая займаецца праектаваннем рэканструкцыі парку.

Па яе словах, выпадкі, калі падчас будоўлі выяўляюцца нейкія гістарычныя аб'екты, бываюць досыць часта. Па кожным асобным рашэнне прымаюць індывідуальна, і прэцэдэнты, калі гістарычная каштоўнасць прымушае змяняць план праекта, таксама ёсць. Напрыклад, падчас будаўніцтва мемарыяла ў Трасцянцы знайшлі рэшткі больш 40 чалавек, якія ў выніку перапахавалі, а таксама рэшткі руін падмуркаў лагераў смерці, іх таксама ў выніку пакінулі для захавання гістарычных рэалій.

ХТО ТАКІЯ БРАТЫ ЛУЦКЕВІЧЫ?

Браты Іван і Антон Луцкевічы фактычна з'яўляюцца заснавальнікамі беларускай дзяржаўнасці. Бо пытанне незалежнасці шмат у чым было пастаўлена дзякуючы ім, менавіта яны пераканалі ўрад БНР абвясціць незалежнасць.

– І па факце ССРБ зразумела, што трэба засноўваць дзяржаву замест БНР. Не было б БНР, магло б не быць БССР, а пасля і Беларусі. Таму гэта заснавальнікі беларускай дзяржаўнасці. Гэта вядомыя музейшчыкі. Многія калекцыі Луцкевічаў раскінуты паміж музеямі Беларусі і Літвы. Тыя самыя слуцкія паясы, наш брэнд, вядомы таму, што Багдановіч дзівіўся на слуцкія паясы з калекцыі Луцкевічаў, – распавёў Павел Каралёў.


Каментары
Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Самыя папулярныя Самыя абмяркоўваюцца