У кожнага чалавека ёсць малая Радзіма. Тое месца, дзе ён нарадзіўся, пачаў адкрываць гэты свет. Родная вёска ці мікрараён у горадзе, безумоўна, і адбіліся на нашых паводзінах, і моцна паўплывалі на будучы лёс.
Не дзіўна, што людзі імкнуцца пабываць у родных мясцінах, памятаючы уражанні ранняга дзяцінства, хочуць паглядзець, што змянілася на Радзіме.
Я палешук, зямляк знакамітага дзеда Талаша. Але так атрымалася, што ў пятнадцаць гадоў паехаў на вучобу ў Полацк і ў роднай вёсцы бываў вельмі рэдка. Спачатку не было ніякай настальгіі, потым бацькі пераехалі і перавезлі дом, пад час сустрэч аднакласнікаў у мяне былі нейкія важныя мерапрыемствы. Так мінула сорак тры гады.
Ванюжычы за гэты час моцна змяніліся. І калі пад час працы над фотаальбомам пра Палессе я наведаў свайго аднакласніка і траюраднага брата Сашу Кудраўца, яго жонка Нэля запыталася, ці прыеду я, калі на Радуніцу збяруцца нашы аднакласнікі, у мяне быў толькі адзін адказ: “Безумоўна, так!”
10 траўня 2021 года. Нэля Кудравец (па-руску Кудрявец) у сваім бацькоўскім доме рыхтуе Сашу да сустрэчы з аднакласнікамі. Я прыехаў на некалькі гадзін раней, старэйшы брат Нэлі Віктар прапанаваў прайсціся па роднай вёсцы. У яго пашпарце таксама напісана “Кудрявец”, а ў большасці іншых жыхароў прозвішча напісана праз “а”. У маёй бабулі па бацьку да вяселля было прозвішча Кудравец. Бацька маёй маці таксама быў Кудраўцом. У Сашынага малодшага брата таксама “Кудравец” праз “а”. Палешукі ў тыя гады не вельмі звярталі ўвагу на запісы ў пашпарце: што напісалі ў сельсавеце, тое і добра. Памятаю, у маёй маці ў пашпарце было напісана “Валянціна”, а на самой справе яна была Вольга Іванаўна. Але пашпарт у паўсядзенным жыцці быў непатрэбны. І маці змяніла ў ім імя толькі ў сорак пяць гадоў. А прозвішча Плыткевіч з’явілася ў Ванюжычах, дзякуючы прымаку Фаме з вёскі Колкі, які прыбіўся да маёй бабулі Насты. У гады Другой сусветнай вайны дзед Фама прапаў без вестак, пазней я спрабаваў высветліць у бабулі, ці захаваліся якія сваякі, ездзіў у Колкі, але нікога не знайшоў.
Віктар Кудравец і мая хросная Марыя Іванаўна Серада.
Дарога да нашай часткі вёскі. І не скажаш, што наперадзе яшчэ ёсць хаты.
Сустракаем стрыечную сястру Тамару Маргун, якая таксама прыехала на Радуніцу ў родную вёску. Далей рушым разам.
Гэта ўжо наша вуліца. Дакладней, тое, што ад яе засталося.
Хата суседа Віктара Піліпчыка. Тамара хоча паглядзець, што захавалася ў пакоях.
А гэта дом маіх дзеда Івана і бабулі Ганны Кудравец.
У хаце нічога не захавалася.
Яблыня таксама амаль загінула.
А груша ў суседа цвіце!
І калодзеж яшчэ захаваўся…
Месца, дзе стаяла наша хата, на самым краю вёскі. Далей было штосьці падобнае на балота. Памятаю, як дзед у белых ільняных штанах лавіў таптухай уюноў. А калі пачалася меліярацыя, і экскаватары каўшамі чарпалі балотную жыжу, мы збіралі гэтых уюноў уздоўж канавы. І падумаць тады не маглі, што хутка яны знікнуць з нашага жыцця.
Мы ідзем па вуліцы, якая калісьці вяла ў лес. Тамара прапануе зазірнуць да бабулі Вольгі Ястрэмскай. Дзверы зачынены, Тамара стукае ў акенца.
Вольга Александраўна адчыняе дзверы і не верыць сваім вачам, убачыўшы такую колькасць гасцей.
Усе ведаюць пра каронавірус, але ніхто не звяртае на яго ўвагі – жанчыны абдымаюцца.
“Вы пазнаеце гэтага фатографа?” – пытаецца Віктар у бабулі Волі.
“Сяргей Плыткевіч? Журналіст? Не можа быць!”
“Божа, мой божа… Дзякуй, што наведалі! Такое шчасце, што мяне памятаеце!” – бабуля пачынае енчыць. І мы разумеем, як старым жыхарам палесскіх вёсак не хапае камунікавання.
Ідзем да хаты, дзе жыве мой стрыечны дзядзька Іван Кудравец. У Ванюжычах у кожнага, акрамя прозвішча, была яшчэ і мянушка. Маму маю, напрыклад, клікалі Партызанка. Бо нарадзілася ў 1944 годзе. Бабулю Ганну – Слабаджанка, бо прыехала са Слабады. Мяне – Сяргей Плытка. Дзядзька Іван толькі на некалькі гадоў за мяне старэйшы. У вёсцы яго звалі Гаван.
На Гаванавых дзярах вісіць такі замок. Калісьці палешукі наогул не зачынялі свае хаты, пазней кіёчкам пазначалі, што дома нікога няма.
“Гаван! Гаван!” – кліча Тамара.
У адказ – цішыня.
Мы заходзім за хату і бачым сапраўдны “посталкагольны” нацюрморт.
Папрацаваў дзядзька Іван. На жаль, у апошнія гады такія сюжэты прыходзіцца бачыць у розных вёсках Беларусі. Співаюцца мужыкі…
Мы Гавана не знаходзім. Крочым па вясковай вуліцы. Убачанае кранае душу.
Руіны, кінутыя хаты.
Спрабую зрабіць кадры-сімвалы.
Яблыні яшчэ не зацвілі, а вось ігрушы выглядаюць прыгожа.
Заходзім да ванюжычскага старажыла Адама Федаравіча Кудраўца па мянушцы Жылін. Яму споўнілася восемдзесят шэсць гадоў. І ён яшчэ даглядае жонку, якая можа рухацца толькі на інвалідным вазку.
У кожным доме нас заклікаюць да стала, але мы адмаўляемся, бо скора павінна пачацца сустрэча аднакласнікаў.
Адам Фёдаравіч праводзіць нас, мы стукаемся ў хату Анатоля Пятровіча Верталя.
Калісьці ён цудоўна гуляў у футбол і валейбол, быў аўтарытэтам ванюжыцкай моладзі.
На здымку ён спрабуе мяне пазнаць. Прыгадаў толькі малодшага брата…
Саша і Віктар з Вольгай Пятроўнай Матусевіч. У семідзесятыя гады мінулага стагоддзя яна была важнай жанчынай – разам з сястрой Надзеяй працавала прадавачкай у адным-адзіным вясковым магазіне.
Тое месца, дзе была наша васьмігадовая школа і магазін – не засталося нічога…
Але надыходзіць час сустрэчы аднакласнікаў – Надзя Ястрэмская і Вера Шаўцова.
Лена Кудравец па мянушцы Мурашка.
Лена бачыць мяне першы раз за сорак тры гады!
А гэта яе бацькоўская хата. Яна зачынена, свой пакой Лена можа паглядзець толькі праз вакенца…
Тамара Кудравец.
Сяргей Рудзінскі. У нашым класе было васемнадцаць вучняў – шаснадцаць з Ванюжыч, двое, у тым ліку і Сяргей, з Аносавіч. Тады я здзіўляўся, што наша гаворка вельмі адрозніваецца. Цяпер разумею: у Ванюжычах размаўлялі па-паляшуцку. У Аносавічах – на чыстай беларускай мове. Ванюжычы былі “мужыцкай” вёскай, а ў Аносавічах калісьці жыла шляхта…
Памятаю, настаўнік рускай мовы Уладзімір Кірылавіч прапануе знайсці аднакарэннае слова да слова “сапог”. Я падымаю руку:
– Чобат!
– Сам ты чобат! Сапожнік!
Зараз у Ванюжычах і Аносавічах не засталося ні беларускай, ні палешуцкай мовы. Усе гавораць па-руску…
Апошняй пад’язджае Валя Кудравец.
Сабралася восем чалавек з чатырнадцаці, чатырох аднакласнікаў на гэтым свеце ўжо няма. У дзевятым класе пад час бойкі ў суседніх Навасёлках загінуў Валера Фуман, крыху пазней павесіўся Аляксандр Зуевіч. Не так даўно памёрлі Сяргей і Валодзя Кудраўцы.
Мы сядзім за святочным сталом, расказваем пра свае поспехі, жадаем адзін аднаму і ўсім жыхарам Ванюжыч шчасця і здароўя.
А потым ідзем у вясковы клуб.
Больш за ўсё нас уражвае яго задняя частка.
Нагадваем маладосць, пралазім праз дзірку ў сцяне.
Просім Сашыну унучку зрабіць адзін здымак на памяць.
Потым я здымаю некалькі групавых партрэтаў.
У клубе аднакласнікі нагадваюць, хто тут з кім першы раз таньчыў, усе звяртаюць увагу на тое, што засталося ад сцэны.
Трэба на сцэне усім сфатаграфавацца!
Пазней заўважаем, што ў шляхетным парыве паставіць дзяўчат па кірпічных столбіках Сяргей Рудзінскі параніў нагу, яму аказваецца першая медыцынская дапамога.
А я фатаграфую Сашыну унучку Машу. Як сімвал новага Палесся. Як надзею на яго адраджэнне.
Напрыканцы сустрэчы пад’язджаюць мае сёстры Ала і Света.
Усё з-за навігатіара, які праклаў дарогу з Лагойска да Ванюжыч праз… Бабруйск.
А я вырашыў сфатаграфаваць усіх на месцы былой школы…
Вось так Ванюжычы выглядаюць з яшчэ большай вышыні – на месцы многіх хат пустыры.
Родная вёска памірае...
Рэшткі адзінай у наваколлі фермерскай гаспадаркі. Тут вырошчваліся памідоры і агуркі, але праект аказаўся стратным. Сумна назіраць такую карціну, бо цудоўна памятаю, якімі працавітымі былі жыхары нашай вёскі.
У семідзесятыя гады мінулага стагоддзя многія – у тым ліку і мая мама – спецыялізаваліся на вырошчванні цыбулі. А потым прадавалі я е ў Петрыкааве і Капаткевічах. Нас тады называлі цыбульнікамі. У мяне нават псеўданім у “Народнай газеце” быў Сяргей Цыбульнік.
Яшчэ вырошчвалі парасят. І таксама прадавалі ў Капаткевічах.
Але хочацца завяршыць рэпартаж пра сустрэчу аднакласнікаў у роднай вёсцы ўсё-такі аптымістычным кадрам.
Выбраў гэты здымак сціплай машынкі пад грушай.
Вясна. Квецень. Палешукі перажывалі і больш складаныя часы.
Палессе выжыве!