У вёсцы Багушэвічы у першай палове XIX стагоддзя знаходзілася сядзіба Свентаржэцкіх. Чацвёра прадстаўнікоў гэтага роду сталі ўдзельнікамі паўстання 1863 года, пасля чаго лёс усёй сям'і і радавога маёнтка стаў складацца трагічна.
Ганна і Часлаў Свентаржэцкія, фальваркоўцы, апынуліся ў спасылцы пад строгім наглядам паліцыі; іх сыну Баляславу давялося хавацца ў бегах. Больш за тое, губернатар Мураўёў загадаў спаліць радавы маёнтак у Багушэвічах. Ад сядзібна-паркавага комплексу засталася толькі незвычайная пахавальня, пабудаваная ў неагатычным стылі.
У ёй да паўстання Баляслаў Свентаржэцкі захоўваў зброю. А пасля 1863 гады жыхары Багушэвічаў папрасілі ў мінскага архібіскупа скарыстаць капліцу як царкву, бо мясцовы храм незадоўга да гэтага згарэў.
Цяпер у будынку мясцуецца касцёл Боскага Цела. У 1989 годзе там здарыўся моцны пажар, але з пачатку 2000-х патроху вядзецца рэстаўрацыя храма, з кожным годам ён набывае ўсё больш дагледжаны выгляд. У касцёле са сціплым унутраным убраннем праводзяцца службы.