Гэты адзіны оперны тэатр і найбуйнейшы тэатр у Беларусі размешчаны на адным з самых высокіх узгоркаў Мінска – Траецкай гары.
У XIX стагоддзі на гэтым месцы знаходзіўся Траецкі кірмаш. Сюды часта завітвалі вандроўныя цыркавыя і тэатральныя калектывы, каля часавых балаганаў размяшчаліся атракцыёны. Тут, на вечна люднай Траецкай гары, у 1870 годзе з’явілася першая ў Мінску паштовая скрыня. Рынак праіснаваў да 1933 года, калі на яго месцы пачалося будаўніцтва тэатра оперы і балета.
Архітэктары Лаўроў, а затым Лангбард планавалі ўзвесці цудоўны па сваёй грандыёзнасці будынак з глядзельнай залай на 5000 месцаў. На яго механізаванай сцэне павінны былі адбывацца каласальныя містэрыі з удзелам сотняў людзей, коней, аўтамабіляў... Ужо у працэсе будаўніцтва праект перагледзелі. У сувязі з "эканамічнай немэтазгоднасцю" колькасць месцаў глядзельнай залы скарацілі спачатку да трох тысяч, а потым і зусім да паўтары тысячы.
Цудам ацалеў будынак Оперы падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гады акупацыі тут размяшчаліся нямецкія стайні і склады нарабаванай маёмасці, куды часта прыязджаў гаўляйтар Вільгельм Кубэ з жонкай – у былых тэатральных бакоўках яны адбіралі для сябе ювелірныя і мастацкія каштоўнасці, якія належалі расстраляным мінчукам. Пасля вайны ў наваколлях тэатра сапёры абясшкодзілі больш 200 мін і снарадаў, а ў 1948 годзе мінская Опера зноў прыняла сваіх гледачоў.
Дзякуючы апошняй маштабнай рэканструкцыі (2006-2009 гг.) Вялікі тэатр набыў свой першапачатковы строгі выгляд у стылі канструктывізму, "дапоўнены" бронзавымі статуямі на фасадзе – бога Апалона ў асяроддзі німф і муз.