en | de | pl | ru

Вуліца Багдановіча ў Мінску


53.9291, 27.5747

Гэта шасцікіламетровая магістраль, якая пачынаецца ў самым цэнтры горада, "выцякаючы" з вуліцы Нямігі, даходзіць амаль да самай кальцавой.

За сваю гісторыю вуліца памяняла мноства назваў: Віленская, Траецкая, Аляксандраўская, Камунальная, з 1936 года – Максіма Горкага. У 1991-м яна была названа ў гонар класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які з’явіўся на свет ў 1891 годзе ў доме, які стаяў менавіта на гэтай вуліцы (ён не захаваўся – цяпер на тым месцы знаходзіцца невялікі мемарыял). Цікавае супадзенне: бацька паэта Адам Багдановіч і рускі пісьменнік Максім Горкі былі жанатыя на родных сёстрах – так што мінская вуліца, можна сказаць, дасталася ў спадчыну ад дзядзькі пляменніку.

У самым яе пачатку размешчаны адрэстаўраваны ў 1980-х старадаўні квартал Траецкага прадмесця – любімае месца турыстаў, кінематаграфістаў і маладых. Праз дарогу захаваліся будынкі былога Траецкага манастыра базыліянак, які цяпер чакае маштабнай рэканструкцыі. Далей па цотным боку вуліцы знаходзіцца сквер, у цэнтры якога ўзвышаецца адзіны ў Беларусі Оперны тэатр – грандыёзны твор архітэктуры канструктывізму. Тут жа, непадалёк, знаходзіцца помнік Максіму Багдановічу. Бронзавы класік глядзіць на будынак Мінскай сувораўскай ваеннай вучэльні, які, нягледзячы на вонкавы выгляд у стылі сталінскага ампіру, мае больш старажытную гісторыю. Ён быў адбудаваны на аснове сцен манастыра каталіцкага ордэна марыявітак ХІХ стагоддзя, а пазней стаў праваслаўнай духоўнай семінарыяй…

Яшчэ адна найцікавая (і фотагенічная!) адметнасць гэтай магістралі – комплекс піўзавода "Аліварыя", найстарэйшага з дзейсных піваварных прадпрыемстваў Беларусі, гісторыя якога пачалася ў 1864 годзе. А зялёным упрыгожваннем і "лёгкімі" вуліцы Багдановіча з'яўляецца парк Дружбы народаў, размешчаны паміж вуліцамі Кульман і Арлоўскай.


Водгукі

Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Дадайце сваю інфармацыю аб гэтым аб'екце і фатаграфію
Перацягні фатаграфію сюды
або націсніце на блок
Фатаграфія павінна мець дазвол не менш 1330x887px.
Вага не павінен перавышаць 1 МБ
Загружаць можна толькі аўтарскія фатаграфіі ў фармаце jpg
Памер або тып фатаграфіі не адпавядаюць патрабаванням!
Калі ласка, увядзіце больш праўдзівае апісанне аб'екта альбо цікавыя факты пра яго: