Сядзiба Лапацiнскiх у Лявонпалi


55.7999, 27.7804

Гісторыя пабудовы лявонпальскай сядзібы звязана з імем Мікалая Лапацінскага, брэсцкага ваяводы, аднаго з першых сярод Лапацінскіх уладальнікаў маёнтка. Сядзіба згадваецца ў шэрагу артыкулаў у розных энцыклапедычных даведніках, у тым ліку ў такіх аўтарытэтных выданнях, як «Архітэктура Беларусі», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» і г.д.

Аднак, калі мы ўсур’ёз сталі вывучаць гісторыю архітэктурных помнікаў Лапацінскіх, то ўбачылі шмат памылак. Так, у даследаваннях М. Марэлоўскага, С. Лазы, А. Кулагіна пабудова датуецца 1750 г., галоўным архітэктарам названы Абрахам Гену. На самай справе, як сведчаць іншыя дакументы, сядзіба ўзведзена ў 1768–1769 гг. У той час А. Гену ўжо не было ў жывых. Паводле ўспамінаў апошняга Лапацінскага, галоўным архітэктарам быў Ян Кнацфаус разам з езуітам Томашам Жэброўскім.

Сядзіба размешчана ля маляўнічага берага Заходняй Дзвіны. Уключае, акрамя палаца і флігеляў, шматлікія гаспадарчыя памяшканні, пейзажны парк. З заходняга і паўночнага боку сядзібу агінае канал. Палацавы ансамбль вытрыманы ў стылі барока. Уязныя брамы створаны пазней, у пачатку ХІХ ст., у стылі класіцызму. Многія крыніцы ўказваюць на адну браму, але, аналізуючы дакументы і здымкі пач. ХХ ст., мы знаходзім існаванне не менш чым шасці.

Палац пабудаваны з цэглы, якая выраблялася на мясцовым заводзе. Таўшчыня сцен дасягае 1 м. Менавіта моц дазволіла вытрымаць два пажары, час і разбурэнні. Падмуркі палаца складаюцца з вялікіх палявых валуноў і цэглы, утвараюць магутныя сутарэнні. Мы мяркуем, што гэта рэшткі ранейшай сядзібы. Падвалы квадратныя. У іх месцілася кухня з жыллём для прыслугі.

Цэнтральная частка палаца двухпавярховая, з двухсхільным дахам і фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы аднапавярховыя, сіметрычныя цэнтральнай частцы, таксама з двухсхільным дахам, завяршаюцца трохвугольнымі франтонамі. Будынак мае высокі цокаль, да галоўнага ўваходу вядзе шырокая лесвіца з тэрасай паміж двума маршамі.

У дэкаратыўнай аздобе дома выкарыстана ордэрная пластыка: пілястры, прафіляваныя карнізы. Абрамленні прамавугольных акон мелі дэкор у стылі ракако, рустоўку. У самім палацы месціліся шматлікія пакоі, найбольшыя з іх парадная і бальная залы, упрыгожаныя насценнымі роспісамі ў класічным стылі на антычныя сюжэты.

Палац не аднойчы перабудоўваўся. Так, у 1831 г. казакі, помсцячы Лапацінскім за актыўны ўдзел у паўстанні супраць расійскіх улад, спальваюць сядзібны дом. Дарэчы, у шматлікіх навуковых працах падаецца памылковая дата гэтай падзеі – 1863 год. Але моцныя сцены вытрымалі. Адзінае, Лапацінскія накрылі дом дахам. Аднаўленчыя працы пачаліся толькі ў канцы ХІХ ст., калі для шлюбу Эўзэбіюша Лапацінскага яго бацька Станіслаў загадвае прывесці палац у належны стан. Падчас грамадзянскай вайны пры невядомых абставінах сядзібны дом зноў спалены.

Эўзэбіюш, які ў гэты час займаецца навукай у Вільні і Варшаве, знаходзіць магчымасці для аднаўлення палаца, перабудоўвае яго ўнутры і перадае вернікам пад каталіцкі касцёл. 3 1939 г. тут месціцца праўленне калгаса «17 верасня». Будынак выкарыстоўваецца для сельскагаспадарчага вучылішча, школы-інтэрната, клуба. А ў флігелі, па ўспамінах старажыхароў Лявонпаля, старшыня калгаса А. Чувікаў размясціў свіней. Калі часопіс “Вожык” пакрытыкаваў старшыню, што свінні слізгаюцца па паркеце, то замест свіней старшыня паставіў кароў.

Так паступова сядзібны комплекс нягледзячы, што ўваходзіў у звод помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння, прыходзіў у заняпад. Калі з-за неахайнага гаспадарання будынак стаў патрабаваць рамонту, яго проста пакінулі на вырак лёсу, як непатрэбную рэч. Толькі дзякуючы ахвярнасці мясцовага жыхара Язэпа Бунты, які па сваім перакананні ахоўваў сядзібу ў 60-я гг., яна не загінула канчаткова.

Пасля ў палацы спрабавалі размясціць дом адпачынку для ўніверсітэта культуры, пазней – дом адпачынку мінскага завода «Інтэграл», але ніводная з названых устаноў не здолела аднавіць палац. Толькі дзякуючы моцы сцен ён датрываў да канца ХХ ст. У часы перабудовы вернікі звярнуліся з патрабаваннем перадаць будынак для касцёла. Такі дазвол яны атрымалі, і з 1992 г. паступова пачалося аднаўленне палаца. Але выратаваць флігелі пакуль што няма магчымасці, і яны павольна разбураюцца.

З кнiгi Вiтаўта Ермалёнка «Чароўных вандровак пярсценкi»




Водгукі

Пакінуць каментар
Каб пакінуць каментар, вам неабходна аўтарызавацца.
Дадайце сваю інфармацыю аб гэтым аб'екце і фатаграфію
Перацягні фатаграфію сюды
або націсніце на блок
Фатаграфія павінна мець дазвол не менш 1330x887px.
Вага не павінен перавышаць 1 МБ
Загружаць можна толькі аўтарскія фатаграфіі ў фармаце jpg
Памер або тып фатаграфіі не адпавядаюць патрабаванням!
Калі ласка, увядзіце больш праўдзівае апісанне аб'екта альбо цікавыя факты пра яго: