8 (не) выпадковых супадзенняў у біяграфіі Мінска

Аўтар: Х. Хількевіч

8 студзеня 1919 года Мінск стаў сталіцай БССР.

Як горад са старажытнай гісторыяй, Мінск захоўвае ў сваёй "скарбонцы мінулага" шэраг фактаў і падзей, якія не маюць відавочнай прычынна-следчай сувязі. У гэтым артыкуле мы распавядзем пра восем самых цікавых супадзенняў, якія кідаюцца ў вочы. Але паколькі "8" - гэта павернуты знак бясконцасці, імі тэма не вычарпана.

А якія мінскія супадзенні вядомыя вам? Пішыце ў каментарах.

Дзень незалежнасці

3 ліпеня адзначаецца зараз як Дзень незалежнасці Беларусі. Але многія памятаюць, што да рэферэндума 1996 года гэта дата была Днём горада Мінска - у памяць пра вызваленне нашай сталіцы ў 1944 годзе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цікава, што трэці дзень ліпеня двойчы фігуруе ў хроніках іншай вайны - Трынаццацігадовай (1654-1667), якую яшчэ завуць руска-польскай. 3 ліпеня 1655 года адбылася бітва паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Масковіі. Адбылося гэта ў пяці вёрстах ад Мінска, бо гарадскія сцены з прычыны адсутнасці неабходнай фартыфікацыі не былі прыдатныя для актыўных ваенных дзеянняў. Царскія войскі тады выйгралі бой, аднак уступілі ва ўжо пусты Мінск: усе жыхары пакінулі горад, а ў замку засталіся толькі "войт со товарищи в полтораста человек".

Роўна праз пяць гадоў, 3 ліпеня 1660 года. Мінск быў вызвалены ад войскаў Маскоўскага царства войскам Рэчы Паспалітай на чале з гетманам ВКЛ Паўлам Сапегам.

Наогул лік "тры" з'яўляецца для Мінска сапраўды знакавым. Мяркуйце самі: першае згадванне пра горад звязана з бітвай на Нямізе 3 сакавіка (3.03) 1067 года. У сакавіку (трэці месяц) у розныя гады тут адбываліся важныя для свайго часу падзеі: у 1499-м горад атрымаў самакіраванне па магдэбургскім праве, у 1898-м тут прайшоў I з'езд РСДРП, у 1918-м была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, а ў 1994-м прынята Канстытуцыя Беларусі. У хрысціянстве тройка лічыцца знакам Святой Троіцы - бо менавіта ў яе гонар названа самае знакамітае прадмесце Мінска!

Горад на памежжы

Так супала, што за сваю гісторыю Мінск, здавалася б, "пасаджаны" ў самым цэнтры этнічных беларускіх земляў, не раз станавіўся памежным горадам.

Погранец.jpg

У ХI стагоддзі яго крэпасць ахоўвала паўднёвыя межы Полацкага княства, у канцы ХVIII стагоддзя, паміж першым і другім падзелам Рэчы Паспалітай, Мінск два дзесяцігоддзі знаходзіўся на ўсходняй лініі абароны беларуска-польскай канфедэрацыі, а з 1921 па 1939 гг., наадварот, быў заходнім фарпостам СССР. Каля 10 000 гадоў таму па поўдні цяперашняй сталіцы, у раёне Лошыцкага парку, праходзіла мяжа, на якой спыніўся апошні ляднік. Менавіта таму, мяркуюць навукоўцы, у Лошыцы назіраюцца больш 30 разнавіднасцяў глеб, а таксама ўнікальны ландшафт, які спалучае стромкія ўзвышшы і забалочаныя нізіны, бездакорна роўныя сенажаці і звілістую рэчку.

Паганскі вектар

На вяршыні пагорка, пад якім калісьці пабудаваў свой млын волат Менеск і на якой сёння стаіць гасцініца "Беларусь" (кропка 1 на карце), у эпоху неаліту далёкія продкі мінчукоў маліліся ідалам паганскіх богаў: Рода - "стваральніка ўсяго жывога і існага", Ярылы - заступніка ўрадлівасці і, вядома, Пяруна-грамабоя. У раёне цяперашняга парку Перамогі (2) знаходзіліся так званыя "крушні" (груды камянёў) і "прошчы", якія складаліся з крушні і старых дрэў. Людзі прыходзілі сюды са сваімі маленнямі і верылі, што жаданні спраўдзяцца.

Пазней, калі пры ўпадзенні Нямігі ў Свіслач вырас замак, а ў ім з'явіліся першыя хрысціянскія цэрквы, шматлікія мінчукі працягвалі па-старому ўшаноўваць "паганскiх" багоў і нават капішча размясцілі амаль насупраць уязных варот - там, дзе некалькімі стагоддзямі пазней будуць узведзены саборы Верхняга горада (3). Яшчэ адно культавае месца, абсталяванае па ўсіх паганскіх правілах, знаходзілася на пагорку так званага Новага рынка, на якім зараз узвышаецца будынак Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі (4). А апошнім у Еўропе гарадскім культавым паганскім аб'ектам лічыцца мінская капішча, якое дзейнічала да 20-х гадоў ХХ стагоддзя і знаходзілася на беразе Свіслачы ў раёне Лодкавай вуліцы (5).

minsk_map.jpg

Не выключана, што гэта супадзенне, а можа, нейкі старажытны сакрэт, але калі злучыць усе вышэйназваныя паганскія свяцілішчы Мінска ўяўнай лініяй, то яны будуць нібы нанізаныя на адну прамую, якая перасякае горад з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход.

Лёс прадказалі богі

Над вуглавой лоджыяй будынка МУС Беларусі знаходзіцца статуя, якая на дзесяцігоддзі наперад "прадказала"  лёс гэтага дома.

0dc21e77a3360969acba14e0cabc17b9.jpg

Несумнеўна, скульптура старажытнай багіні ўрадлівасці Дэметры глядзелася цалкам арганічна на будынку 1915 года, які да рэвалюцыі арандавала земляробчае таварыства ўзаемнага страхавання. Тут знаходзіліся камерцыйная служба Лібава-Роменскай чыгункі і некалькі крам, так што з'яўленне побач з Дэметрай яе сына Плутаса - бога багацця - таксама выглядала лагічным. Не забыліся скульптары і пра дачку Дэметры, Персефону, змясціўшы яе па другі бок ад маці.

Скульптура на здании МВД.jpg

Не ведалі яны таго, што ў статуі дзяўчынкі закадзіравалі змрочнае прароцтва: праз некалькі гадоў у гэтым будынку размясціліся органы АДПУ/НКУС, а ў гады Вялікай Айчыннай яго заняло гестапа. Крывавыя загады пра рэпрэсіі і карныя аперацыі падпісваліся ў кабінетах пад статуяй Персефоны - багіні царства мёртвых.

Падзенне “Еўропы”

Калі пачалася вайна з Гітлерам, то пад першымі бомбамі нямецкай авіяцыі, якія падалі на цэнтр Мінска, разбурыўся адзін з самых фешэнэбельных будынкаў сталіцы - шасціпавярховы гатэль "Еўропа". Па дзіўным супадзенні,  за год да вайны, у верасні 1940-га, адзін з артыкулаў "Савецкай Беларусі" быў прысвечаны проціпаветраным вучэнням у Мінску, ён пачынаўся так: "Раніцай усё было спакойна. Але раптам здаліся бамбавікі. Завылі сірэны. Радыёрупары абвясцілі: "Паветраная трывога!" Зенітная артылерыя пачала "стральбу", але некалькім самалётам усё ж атрымалася прарвацца да горада і нарабіць шмат "пашкоджанняў". "Бомбы" зваліліся на плошчу Свабоды, "загарэлася" гасцініца "Еўропа".

Руины гостиницы Европа.jpg

Не прайшло і года, як прароцтва спраўдзілася - "Еўропы" не стала, а адрадзілі яе толькі на пачатку ХХІ стагоддзя.

…І вяртанне Святога Духу

А вось мінскую царкву Святога Духу падарвалі бальшавікі. Гэта адбылося ў 1936 годзе - на дзевятнаццатым годзе савецкай улады, і роўна праз 19 гадоў пасля крушэння СССР (у 2010-м) гэты храм, узноўлены па старадаўніх чарцяжах, вярнуўся да мінчукоў.

Церковь Святого Духа в Минске.jpg

Дарэчы, калі руйнавалі Свята-Духаву царкву, трываласць яе сцен прымусіла сапёраў праводзіць аперацыю ў некалькі прыёмаў: дынаміт доўга не мог перамагчы гэты старажытны будынак. Але ўсё ж будынка не стала, і салдаты пачалі разбіраць горы бітай цэглы - тады на часткова ацалелай сцяне храма ўсе і ўбачылі фрэску з малюнкам Уваскрэсення Хрыстова як прадказанне таго, што святыня будзе адноўлена.

Густа селі

У Мінску ёсць два дома, звязаных з Нобелеўскімі лаўрэатамі, і, па супадзенні, знаходзяцца яны ўсяго ў некалькіх дзясятках метраў адзін ад аднаго. У невялікім доме па вуліцы Заборскага, 3, які зараз знаходзіцца ў аварыйным стане, пасля вайны жыла сям'я і прайшло дзяцінства будучага лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіцы 2000 года Жарэса Алфёрава. А літаральна па суседстве ўзвышаецца дом (вул. Старажоўская, 8), у якім доўгі час жыла лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч. Дарэчы, у 2016-м яна купіла кватэру ў размешчаным яшчэ бліжэй да дома Алфёрава шматпавярховым комплексе "У Траецкага", больш вядомым як "дом Чыжа" (вул. Старажоўская, 6).

549522c8edcf77c48aede1db0f13617b.jpg

Сімвалічна, што на гэтай вуліцы "прапісаны" яшчэ адзін класік, які напэўна атрымаў бы Нобеля, калі б таго ўручалі на пачатку ХІХ стагоддзя. Гаворка пра помнік Аляксандру Пушкіну. Усяго ў некалькіх дзясятках метраў ад манумента 200 гадоў таму знаходзілася вартаўнічая застава - адгэтуль і назва Старажоўскай вуліцы. Па супадзенні, менавіта на ёй у 1826 годзе быў апазнаны па прыметах і пазней арыштаваны пры ўездзе ў Варшаву ўцякач з Пецярбурга ліцэйскі сябра Пушкіна дзекабрыст і паэт Вільгельм Кюхельбекер, які рабіў замах на брата цара.

Вуліца імя дзядзькі і пляменніка

У двары ўжо згаданага "дома Чыжа" размешчаны невялікі мемарыял на месцы, дзе калісьці стаяў дом сям'і Багдановічаў і ў якім з'явіўся на свет яшчэ адзін літаратурны класік - Максім Багдановіч. Таму ў 1991 годзе вуліца, якая праходзіла побач, была названа ў яго гонар. Да таго часу, з 1936 года, яна насіла імя іншага Максіма - Горкага. Цікаваае супадзенне: бацька беларускага паэта Адам Багдановіч і знакаміты рускі пісьменнік былі жанатыя на родных сёстрах - так што, можна сказаць, мінская вуліца дасталася ў спадчыну ад дзядзькі пляменніку.

Улица Богдановича в Минске.jpg